Сезон калядных распродажаў пераносіцца няпроста: у гэтым снежні мінчан чакаюць некалькі модных маркетаў, адкрыццё новых гандлёвых цэнтраў і навагоднія кірмашы. Выязджаць за навагоднімі падарункамі за межы радзімы больш няма неабходнасці. А каб палегчыць пераднавагоднюю мітусню чытачам карэспандэнт Sputnik Яна Сяргеева абрала лепшыя месцы сталіцы, дзе можна купіць падарункі сябрам, калегам, сваякам — ды наогул усім.
Зімовы Central Fashion Market
Калі: 11 снежня
Дзе: "Мулен Руж"
Арганізатары абяцаюць, што менавіта тут можна купіць дызайнерскія падарункі да калядных святаў. Тут будуць і рознакаляровыя, як лядзяшы, шкельцы ва ўпрыгожваннях брэнда Ori Ori, і шаўковыя піжамы, і вязаныя швэдры. А калі не ведаеце, як прыбраць дзіця да навагодніх святаў, знойдзеце на стэндзе аднаго з дызайнераў вопратку для маленькіх прынцэс і больш не будзеце сумнявацца.
Show-рум беларускіх дызайнераў у ГЦ Galleria
Калі: 10-25 снежня
Дзе: пр. Пераможцаў, 9
Чорны саркафаг на Нямізе, нарэшце, успыхне агнямі — гандлёвы цэнтр запрацуе. На працягу двух тыдняў там можна будзе знайсці мноства беларускіх дызайнераў: Navy, Candy Lady, Tikota Unique, Youri Kot, Ludmila Labkova, TOTALLOOK, Anna-Maria Eglit, CHIZHIK, MUASHOP, гадзінны брэнд "Луч". Дызайнеры размесцяцца ў павільёне Belarus Fashion Week.
Калядны Вялікі модны маркет
Калі: 17 — 18 снежня
Дзе: вул. Няміга, 5
Калядны маркет стане юбілейным — Вялікі модны маркет пройдзе ў Мінску ўжо пяты раз. Арганізатары абяцаюць вялікую колькасць утульных вязаных рэчаў, світшотаў, касцюмаў і швэдраў, посуд ручной працы, пацешных дызайнерскіх цацак і іншых рэчаў, якія, спакаваныя, выдатна будуць глядзецца пад елкай.
Last chance market
Калі: 29-30 снежня
Дзе: вул. Няміга, 5
Колькі б навін аб маючых адбыцца модных распродажах і маркетах дызайнерскіх рэчаў вы ні прачыталі, прызнаем, усё роўна куплю падарункаў многія адкладуць на апошні момант. І добра, таму што менавіта "ў апошні момант" дызайнеры скарыстаюцца магчымасцю прадаць свае працы на маркеце "Апошні шанц". І памятайце — іншага шанцу не будзе!
Выстава-кірмаш "Млын"
Калі: 16-18 снежня
Дзе: НВЦ "Белэкспа"
Больш за пяцьсот майстроў, дызайнераў з усёй Беларусі збяруцца ў НВЦ "Белэкспа". У гэтым годзе будуць госці з Украіны, Расіі і Прыбалтыкі, а значыць, яшчэ больш упрыгожванняў, цацак і іншых вырабаў ручной працы. За навагоднім настроем і каляднымі падарункамі — на "Млын". У наступны раз выстава пройдзе ў сакавіку да Міжнароднага жаночага дня.
Адпраўляючыся за пакупкамі, памятай
Для тых, у каго вочы ўжо загарэліся ў чаканні маркетаў, нагадваем: псіхолагі прызнаюць шопагалізм хваробай з пачатку 1990-х. Так, у даследаванні Тэхнічнай бальнічнай касы Ніжняй Саксоніі (Германія) за 2008 год канстатуецца, што больш за 800 тысяч немцаў пакутуюць ад "шопінгавай" залежнасці. І хоць Амерыканская псіхіятрычная асацыяцыя да гэтага часу не прызнала шопагалізм парушэннем здароўя, аніаманіі ў Штатах схільна амаль 9% насельніцтва. Вынікі даследаванняў з дапамогай магнітна-рэзананснай тамаграфіі паказалі яшчэ ў 2008 годзе, што пры аніаманіі значна пагаршаецца функцыянаванне часткі мозгу, адказнай за лагічнае мысленне. Якая ўжо тут логіка, калі зніжка — 70%.
Шопагалізм псіхолагі тлумачаць і банальнай адсутнасцю гармона сератаніна — гармона задавальнення, так што калі вам нясцерпна захацелася на шопінг, выйдзеце на сонейка, знайдзіце хобі, займіцеся фізічнымі нагрузкамі і папесціце сябе вітамінам В замест чарговай распродажы — усё гэта падымае ўзровень сератаніна і захоўвае грошы. Ну ці добра, спачатку — калядныя маркеты, а потым пашукаем альтэрнатыўныя крыніцы сератаніна.