МІНСК, 7 сне — Sputnik. Бурыя мядзведзі ў беларускіх лясах практычна ўсе залеглі ў зімовую спячку і толькі самыя пераборлівыя яшчэ шукаюць сабе зацішныя месцы для бярлогаў, паведамілі ў Бярэзінскім біясферным запаведніку.
"На мінулым тыдні нашы леснікі яшчэ бачылі сляды мядзведзяў на снезе — сляды пабольш, а побач — меншыя. Але іх ужо мала, што сведчыць аб тым, што практычна ўсе касалапыя ў запаведніку ўлягліся на зімовую спячку", — паведаміў Sputnik намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце Дзяржаўнай прыродаахоўнай установы "Бярэзінскі біясферны запаведнік" Валерый Іўковіч.
Паводле яго слоў, час залягання бурых мядзведзяў у спячку ў гэтым годзе адпавядае сярэднім шматгадовым значэнням — звычайна гэта адбываецца прыкладна 5 снежня. Мядзведзь Трыстан у мінскім заапарку ўжо залёг у зімовую спячку.
Суразмоўца Sputnik адзначыў, што пройдзе яшчэ "пару дзён і ўсе мядзведзі ў запаведніку ўлягуцца ў бярлогі".
Ён паведаміў, што ў гэтым годзе мядзведзям атрымалася нагуляць тлушч. "Фотапасткі фіксуюць, што нашы касалапыя сёлета сустрэлі зіму даволі ўкормленымі. У лясах было шмат чарніцы, брусніцы, асабліва журавін. Акрамя гэтага, былі заўважаныя выпадкі набегаў мядзведзяў на кукурузныя палі", — сказаў Іўковіч.
Вучоны распавёў, што ў запаведніку жыве каля 40 асобін бурых мядзведзяў. "У апошнія гады іх колькасць павялічваецца. У некаторых мядзведзіц з'яўляецца па тры дзіцяня", — удакладніў ён.
Медзведзяняты з'яўляюцца ў мядзведзіцы падчас зімовай спячкі. "Звычайна гэта адзін-два медзведзяня, радзей тры", — дадаў вучоны.
Усяго ў Беларусі жыве каля 150 бурых мядзведзяў. Дадзены від занесены ў чырвоную кнігу Беларусі.
Раней мядзведзяў прыкладна на месяц — два ў Бярэзінскім запаведніку залеглі ў норы барсукі, яшчэ раней — вожыкі. А вось лісы і ваўкі круглы год вядуць актыўны лад жыцця.