МІНСК, 8 сне — Sputnik. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў пачалі адбіраць кантрабандную піратэхніку на рынках і ў гандлёвых цэнтрах, паведамілі ў МУС.
"У Мінску супрацоўнікамі Цэнтральнага РУУС у гандлёвым павільёне мінчука выяўлена і канфіскавана 15,1 тысячы піратэхнічных вырабаў, што захоўваліся ў парушэнне дзеючага заканадаўства", — паведамілі Sputnik у чацвер у Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі.
Яшчэ больш піратэхнічных вырабаў — 18,8 тысячы — канфіскавана ў гандлёвым павільёне ў Лідзе, сказалі ў МУС.
Праваахоўнікі заклікалі насельніцтва адмовіцца ад набыцця кантрабандных петард і феерверкаў, каб не падвяргаць сябе небяспецы.
"Петарды і феерверкі, увезеныя на тэрыторыю рэспублікі кантрабандным шляхам, небяспечныя", — адзначылі ў МУС.
Раней Sputnik са спасылкай на медыкаў паведамляў, што ў навагоднюю ноч 2015 года ў Беларусі ад выкарыстання піратэхнікі пацярпелі 12 чалавек, з якіх трое непаўналетніх.
У першую чаргу ад піратэхнікі пакутуюць вочы, рукі, людзі атрымліваюць сур'ёзныя апёкі, некалькі гадоў таму ў Мінску памерла жанчына, якая атрымала траўмы падчас выкарыстання феерверка.
Таксама ў праваахоўных органах нагадалі пра тое, што за збыт нелегальнай піратэхнікі прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць.
"У адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі на фізічную асобу можа быць накладзены штраф ад 10 да 15 базавых велічынь, на юрыдычную асобу — ад 10 да 200 базавых велічынь з канфіскацыяй даходаў ад продажу піратэхнікі, на індывідуальнага прадпрымальніка — да 500 базавых велічынь з канфіскацыяй даходаў ад продажу піратэхнікі", — адзначылі суразмоўцы агенцтва.
Акрамя гэтага, у Беларусі продаж піратэхнікі дазволены толькі ў спецыялізаваных гандлёвых кропках і пры наяўнасці ліцэнзіі і толькі ў перыяд з 1 снежня па 15 студзеня.