МІНСК, 10 сне — Sputnik. У сувязі са складанымі ўмовамі надвор'я Дзяржаўтаінспекцыя пераведзена на ўзмоцнены варыянт нясення службы, распавяла Sputnik старшы інспектар па асаблівых даручэннях упраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі МУС Ганна Банадык.
"У ноч з суботы на нядзелю чакаецца паніжэнне тэмпературы. З улікам сырога надвор'я і прагназуемых ападкаў магчыма ўтварэнне галалёду. Таму на дарогі выведзеныя дадатковыя нарады ДПС, якія кантралююць выкананне ПДР і аказваюць дапамогу ўдзельнікам дарожнага руху", — патлумачыла Банадык.
Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе кіроўцам выбіраць бяспечную і часам вельмі нізкую хуткасць, не здзяйсняць рэзкіх манеўраў і тармажэнняў, адмовіцца ад абгонаў.
Асабліва ўважлівымі кіроўцы павінны быць ля скрыжаванняў, пешаходных пераходаў і прыпынкаў грамадскага транспарту — у месцах, дзе на праезнай часткі могуць нечакана з'явіцца пешаходы. У такое надвор'е з-за аб'ёмных шалікаў, шапак, капюшонаў і парасонаў пешаходы не заўсёды могуць своечасова заўважыць надыходзячы транспарт і зрэагаваць.
Акрамя таго, варта ўлічваць, што ў такую золь на загарадных дарогах пешаходы аддаюць перавагу ісці па праезнай часткі, нагадалі ў ДАІ.
Пешаходам таксама рэкамендуюць праяўляць максімум увагі і ў цёмны час сутак абавязкова абазначаць сябе святлоадбіўнымі элементамі.
У ноч на нядзелю тэмпература апусціцца да —1-3 градусаў. На працягу дня ў большасці раёнаў захаваецца адліга, толькі па паўночным усходзе адаб'ецца ўжо больш прахалодная паветраная маса: на большай частцы тэрыторыі пройдуць ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. У асобных раёнах краіны слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература на працягу сутак —4, +3°С, у паўднёва-заходніх раёнах +4, +7°С, ноччу па паўночным усходзе —5, —7°С.