МІНСК, 12 сне — Sputnik. Месячная мінімальная заработная плата за лістапад будзе праіндэксавана, як і ў папярэднім месяцы, на 5,4%, паведамілі Sputnik у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны насельніцтва.
Індэксацыя на такую велічыню праводзіцца, паколькі інфляцыя за лістапад 2016 года не перавысіла пяціпрацэнтны парог да месяца яе папярэдняй індэксацыі (чэрвень 2016 года). У лістападзе памер "мінімалкі" складаў 239 рублёў 42 капейкі.
Таксама на 5,4% будуць праіндэксаваныя ўстаноўленыя ад базавай велічыні дапамогі па беспрацоўі і стыпендыі грамадзянам, якія праходзяць перападрыхтоўку па напрамках органаў занятасці.
Грашовыя даходы (заработная плата, стыпендыі студэнтам, ардынатарам, грашовае забеспячэнне ваеннаслужачых тэрміновай службы і курсантаў) індэксавацца не будуць, бо інфляцыя не перавысіла пяціпрацэнтны парог да месяца іх папярэдняй індэксацыі (красавік 2016 года).
У Мінпрацы таксама адзначылі, што насельніцтву, якое атрымлівае даходы на тэрыторыі Беларусі з іншых крыніц, кампенсацыя страт ад інфляцыі ажыццяўляецца па падставах, прадугледжаных калектыўнымі дагаворамі (пагадненнямі).
У ведамстве таксама нагадалі, што, па нацыянальнаму заканадаўству, індэксацыі падлягае не ўвесь памер даходу, а толькі яго частка ў межах 174 рублёў 52 капеек, што складае 100% бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, які дзейнічае на момант індэксацыі.