МІНСК, 12 сне — Sputnik. Беларускія падраздзяленні спецыяльнага прызначэння змогуць прымаць удзел у контртэрарыстычных аперацыях на тэрыторыі Расіі.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сваім указам, які апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале ў панядзелак, ухваліў праект адпаведнага пагаднення ў якасці асновы для перамоў.
"Адобрыць прыкладзены праект пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб удзеле падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння ў контртэрарыстычных аперацыях, якія праводзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або Расійскай Федэрацыі", — гаворыцца ва ўказе.
Лукашэнка ўпаўнаважыў Камітэт дзяржаўнай бяспекі на правядзенне перамоў па праекце пагаднення з магчымасцю ўнясення ў тэкст паправак, якія не маюць прынцыповага характару, і падпісанне дакумента.