Чаму "Троіцу" прасцей сустрэць паза межамі радзімы і якая будучыня ў беларускага фолк-року Sputnik даведаўся ў лідэра калектыву Івана Кірчука. Размову вяла Юлія Хвошч.
— Што ў вас наперадзе? Якія фестывалі плануеце наведаць, што збіраецеся запісваць?
— Пра планы варта казаць тады, калі ўжо адбылося. Трэба, каб здарылася, таму што частка, умоўна кажучы, праектаў упіраецца ў візу, у дарогу і ў аплату. Таму можна расказаць шмат, а не патрапіць нікуды. Мы можам толькі пахваліцца. Сёлета мы былі на фестывалі ў Санцьяга. Бадай, адзіныя з беларусаў за гісторыю існавання беларускай музыкі. У гэтым годзе летам быў таксама Sfinks фестываль, на які мы спрабавалі прабіцца з 99-га года, а трапілі толькі сёлета. Ну і фестываль Womad у Вялікабрытаніі. Мабыць, гэта вяршыня музычнага алімпу для многіх, таму што фестываль занесены ў кнігу рэкордаў Гінеса, і калі я не памыляюся, у гэтым годзе на фестывалі было 36 тысяч наведвальнікаў. Вось пра такя дасягненні "Троіцы" можна казаць. А ў планах вельмі шмат — запіс новага альбома, на які мы ўжо пяты год шукаем сродкі.
— Вы шмат падарожнічаеце, дзе вас лепш за ўсё прымаюць, якую публіку можаце назваць самай удзячнай?
— Усюды аднолькава, таму што народная музыка — гэта вытокі. Што ж тычыцца публікі на этнічных фестывалях, то, напэўна, самыя гарачыя — гэта гішпанцы, самыя ўсяедныя, напэўна, венгры. Астатнія — вы ж бачылі, як народ успрымае.
— Чаму на вашыя канцэрты так рэдка можна трапіць у Мінску і ў Беларусі?
— Больш за два канцэрты на год немагчыма зрабіць. Раз на год мы збіраем публіку на вялікі зімовы канцэрт, а два разы за год сабраць ужо цяжка. Мы ж не можам за паўгода новую праграму зрабіць. А гледачу заўжды хочацца новага.
— Як склаўся ваш стыль? Гучанне "Троіцы" не падобна ні на адзін іншы фолк-гурт.
— Наша музыка абапіраецца выключна на народную мелодыю. Перш за ўсё, гэта мелодыя захавана, тэксты і нават дыялекты, а вось у аранжыроўцы ўсё залежыць ад нашага настрою. Ёсць аранжыроўкі, дзе мала інструментаў, ёсць аранжыроўкі, дзе вельмі шмат інструментаў. У альбоме "Зімачка" ў нас прапісана 420 трэкаў. Гэта атрымліваецца 420 музыкаў. За пяць тыдняў. Вось такі дыяпазон можа быць ад канцэрту да студыі.
— Вы змяняеце аранжыроўкі ці трымаеце песні у першапачатковым выглядзе?
— Не. Мы ж не джазавыя музыкі. Мы вельмі доўга рыхтуем аранжыроўкі, але не змяняем. Імкнемся, каб ад пачатку і да канца мы былі ўпэўненыя ў мелодыі і каб гэта было асновай для выканання.
— Ці ёсць, на ваш погляд, будучыня ў беларускага фолк-року?
Зараз вельмі шмат беларускіх гуртоў выступае. Спачатку быў "Палац", а пасля іх з'явілася вельмі шмат гуртоў, і яны працуюць. Іншая справа, што ў рэспубліцы даволі-такі мала этнічных фестываляў. Хацелася б, каб людзі таксама папрацавалі над гэтым пытаннем, тады і каманды з'явяцца. А так, калі няма дзе выступаць, то ці ёсць сэнс рэпетаваць?