МІНСК, 16 сне — Sputnik. Украінскія мігранты ў Беларусі лечацца за грошы згодна з пагадненнем СНД ад 1997 года "Аб узаемазаліках пры прадастаўленні медыцынскай дапамогі грамадзянам іншых краін СНД", заявіў нацыянальны каардынатар праграм Прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі мігрантаў у Беларусі Павел Холад.
За два апошнія гады ў Беларусь, па розных ацэнках, перабралася каля 160 тысяч мігрантаў з Украіны. Адны пераехалі сюды з зоны ваенных дзеянняў, іншыя — у пошуках лепшага жыцця. Так ці інакш, для нашай краіны такі прыток насельніцтва павярнуўся шэрагам складанасцяў.
"Беларусь не прывыкла прымаць у сябе мігрантаў у такой колькасці — бо гэта паўтара працэнта насельніцтва. Часта перасяленцы з Украіны гатовыя ісці працаваць туды, куды беларусы не надта імкнуцца. Напрыклад, на сяло, дзе ім калгас прадастаўляе жыллё", — распавёў Холад у чацвер у мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik падчас круглага стала, прысвечанага Міжнароднаму дню мігранта.
Але акрамя працаўладкавання і жылля да гэтага часу не вырашана яшчэ адна сур'ёзная праблема — медыцынскага абслугоўвання.
"Грамадзяне Украіны па пагадненні СНД ад 1997 года "Аб узаемазаліках пры прадастаўленні медыцынскай дапамогі грамадзянам іншых краін СНД" павінны плаціць за медыцынскае абслугоўванне, акрамя экстранай дапамогі", — распавёў Холад.
Паводле яго слоў, даўно ўжо вядуцца кансультацыі, каб адмяніць гэтае пагадненне, каб яны маглі атрымліваць роўны доступ з беларусамі ці хаця б з іншымі мігрантамі.
"Гэта дыскрымінацыйны стан, але змяніць яго складана, паколькі гэта пагадненне было падпісана калісьці ўсімі краінамі — удзельнікамі СНД і адмяніць яго могуць толькі ўсе ўдзельнікі", — растлумачыў Холад.
"Але ў абласцях у нас ёсць няўрадавыя арганізацыі, якія працуюць за кошт сродкаў міжнародных донараў і арганізацый, такіх як Чырвоных Крыж, мандат якога дазваляе працаваць непасрэдна з гэтай катэгорыяй асоб. Яны падаюць ім фінансавую падтрымку, дапамагаюць знайсці жыллё, аплаціць рэгістрацыйныя пошліны", — дадаў каардынатар праграм МАМ.