Прадстаўнікі апазіцыі патрабуюць правядзення паўторнага пасяджэння парламента 20 снежня. Тым часам прыхільнікі апазіцыі працягваюць блакаваць парламент. У польскую сталіцу сцягваюцца ўзмоцненыя сілы паліцыі.
Крызісную сітуацыю ў польскім Сейме ў эфіры радыё Sputnik Беларусь пракаментаваў публіцыст выдання Gazeta Wyborcha Войтэк Мазярскі.
"На працягу ўсяго апошняга года палітычнае напружанне нарастала. Цяперашняя ўлада парушае дэмакратычныя і канстытуцыйныя стандарты, разбурае канстытуцыйны суд, супраць жадання большасці рэфармуе сістэму адукацыі, ліквідуе гімназіі і ліцэі", — патлумачыў суразмоўца Sputnik.
Напярэдадні кіруючая партыя распачала спробу абмежаваць магчымасць працы журналістаў у парламенце, назіранне і трансляцыю пасяджэння ў медыя. "Фактычна журналістаў выганялі з парламента, не дапускалі іх кантактаў з дэпутатамі. Рэдакцыі выданняў выказалі свой пратэст, і дэпутаты ад апазіцыі гэты пратэст прытрымалі. У працэсе дэбатаў адзін з дэпутатаў ад партыі "Грамадзянская платформа" выйшаў на трыбуну з таблічкай "Свабоду прэсе". За гэтыя дзеянні маршалак сейма выключыў яго з далейшага ўдзелу ў сесіі, а апазіцыя ў адказ заблакавала зала пасяджэнняў", — распавёў Мазярскі.
Фракцыя кіруючай партыі перайшла ў іншае памяшканне і прыняла бюджэт-2017 у адсутнасці апазіцыйных дэпутатаў. Апазіцыя заявіла, што зацвярджэнне бюджэту не мае юрыдычнай сілы. Познім вечарам ля парламента сталі збірацца дэманстранты. Да 3 гадзін ночы ўсе выхады і выезды з парламента былі заблакаваны.
Поўную версію размовы з публіцыстам выдання Gazeta Wyborcha Войтэкам Мазярскім аб крызісе ўлады ў Польшчы слухайце ў эфіры радыё Sputnik Беларусь.