МІНСК, 20 сне — Sputnik. Пракуратура пасля паведамленняў КДБ аб затрыманні службовых асоб найбуйнейшых прадпрыемстваў беларускага машынабудавання дала санкцыю на арышт шэрагу топ-мэнэджараў МТЗ, МАЗа, БелАЗа і Гомсельмаша — валаўтваральных прадпрыемстваў беларускай эканомікі.
Усе службовыя асобы былі затрыманыя ў пачатку снежня супрацоўнікамі КДБ па падазрэнні ў атрыманні хабараў. Аперацыя прайшла з 5 па 7 снежня, але прэс-рэліз ведамства распаўсюдзіла толькі 19 снежня.
"Устаноўлена, што прадстаўнікі кіраўніцтва і работнікі прадпрыемстваў машынабудаўнічага комплексу за атрыманне незаконных узнагарод ад камерцыйных структур забяспечвалі прасоўванне прадукцыі апошніх", — паведамілі ў прэс-службе КДБ.
Па дадзеных камітэта, з 2013 года за прыёмку сыравіны і камплектуючых з элементамі браку, выдачу фіктыўных заключэнняў па якасці, атрыманне звестак аб перспектыўных распрацоўках топ-менеджэры атрымалі хабараў на суму не менш за 200 тысяч долараў.
Акрамя гэтага, за атрыманыя раней узнагароджанні ў памеры каля 40 тысяч рублёў затрымана яшчэ чатыры супрацоўнікі канструктарскіх і планава-эканамічных падраздзяленняў Мінскага трактарнага завода.
У дачыненні да згаданых асобаў распачатыя крымінальныя справы па арт. 430 ("атрыманне хабару"), 433 ("прыняцце незаконнага ўзнагароджання") КК Рэспублікі Беларусь. Да затрыманых прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Праводзяцца неабходныя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы і следчыя дзеянні, накіраваныя на выяўленне і дакументаванне іншых эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці затрыманых.
У чым сутнасць супрацьпраўных дзеянняў?
Мінскі трактарны і аўтамабільны заводы, БелАЗ і Гомсельмаш займаюцца вытворчасцю і рэалізацыяй аўтамабільнай, спецыяльнай і ўборачнай тэхнікі. Пры гэтым усе прадпрыемствы моцна залежаць ад імпарту: многія дэталі і камплектуючыя прыходзіцца купляць за межамі Беларусі. Тое ж самае тычыцца матэрыялаў, з якіх вырабляюцца карпусы машын, растлумачыла Sputnikу крыніца ў галіне.
Акрамя таго, практычна ўсе з названых прадпрыемстваў па жаданні канчатковага пакупніка гатовыя змяняць камплектацыю машын, усталёўваючы на іх, да прыкладу, не рухавікі Мінскага маторнага завода або прадукцыю расійскіх прадпрыемстваў, а рухавікі Mercedes.
Пастаўка імпартных камплектуючых ужо даволі даўно аддадзена флагманамі беларускага машынабудавання на аўтсорс. Гэтым займаюцца альбо пасрэдніцкія структуры, альбо самі прадпрыемствы — але не напрамую ў замежных вытворцаў, а таксама праз іншыя камерцыйныя арганізацыі.
"У сітуацыі, калі пасярэднікаў шмат, паміж імі ўзнікае канкурэнцыя. Але як гэта прынята ў беларускім і расійскім камерцыйным поле, канкурэнцыя будуецца не на прапанове лепшых умоў паставак, а на велічыні адкатаў", — патлумачыла крыніца.
Ён заўважыў, што ў такіх умовах партнёрам па здзелках даводзіцца ісці на афармленне фіктыўных дакументаў аб якасці набываемай прадукцыі.
"Так становіцца зразумела, адкуль столькі нараканняў да якасці беларускай тэхнікі. А адкуль возьмецца якасць, калі схема паставак пабудавана менавіта такім чынам", — заўважыў суразмоўца агенцтва.
Ён не выключыў, што праведзеныя затрыманні — толькі першыя вынікі выкрытых карупцыйных схем у беларускай прамысловасці.
Па персаналіях. Хто такая Ніна Прымшыц?
З усяго спісу затрыманых службовых асоб КДБ была агучана толькі адно прозвішча — фінансавага дырэктара і намесніка гендырэктара МТЗ Ніны Прымшыц.
Як высветліў Sputnik, Прымшыц працавала на МТЗ з 1983 года, акрамя асноўнай працы шмат займалася грамадскай дзейнасцю і кіравала клубам жанчын — кіраўнікоў прадпрыемства.
Таксама Ніна Прымшыц уваходзіла ў склад рабочай групы для падрыхтоўкі прапаноў аб спрашчэнні падатковай сістэмы ў 2006 годзе.
Топ-менеджэр мае ўзнагароды: у розныя гады яна была ўдастоена Ганаровай граматай Савета міністраў, Ганаровай граматай Савета Рэспублікі ("За заслугі ў рэалізацыі сацыяльнай і эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь"), узнагароджана ганаровым знакам РУП "МТЗ" "За працоўную адзнаку".
Па выніках III Рэспубліканскага конкурсу "Жанчына года — 2010" Прымшыц перамагла ў намінацыі "За вернасць і адданасць прафесіі".
У маі 2005 года Прымшыц прадстаўляла Беларускі саюз жанчын у Ісландыі на канферэнцыі Еўрапейскага рэгіёну Асацыяцыі сельскіх жанчын свету.
З 2006 года Ніна Примшиц з'яўляецца членам праўлення Беларускага саюза жанчын.
Што цяпер на прадпрыемствах?
На саміх прадпрыемствах афіцыйных каментарыяў у сувязі з арыштамі не даюць.
Разам з тым, крыніцы, блізкія да сістэмы беларускага аўтапрама, паведамілі Sputnik, што затрыманне асоб, якія трапілі пад следства, "на працу прадпрыемстваў не паўплывала".
"Безумоўна, інфармацыя аб антыкарупцыйнай спецаперацыі КДБ адразу ж дайшла да калектываў згаданых прамысловых гігантаў. Супрацоўнікі актыўна абмяркоўвалі той факт, што аднаго з топ-мэнэджараў сталічнага прадпрыемства аператыўнікі затрымалі на пад'ездзе да Нацыянальнага аэрапорту Мінск. Была інфармацыя, што пры затрыманні канфіскаваны партфель з грашыма", — сказаў суразмоўца Sputnik.