МІНСК, 20 сне — Sputnik. Экс-першая ракетка свету беларуска Вікторыя Азаранка ўпершыню стала мамай — тэнісістка нарадзіла сына, пра гэта спартсменка напісала на сваёй старонцы ў Instagram.
Пра сваю цяжарнасць Азаранка распавяла ўсяму свету 15 ліпеня, тады ж яна паведаміла, што роды павінны адбыцца ў канцы гэтага года. Да ад'езду ў ЗША, дзе прайшлі роды, спартсменка правяла некалькі месяцаў у Беларусі, дзе вяла даволі актыўны лад жыцця і часта выходзіла на публіку: яна падтрымлівала мужчынскую зборную па тэнісе падчас матчу Кубка Дэвіса, наведвала паядынкі хакейнага "Дынама" на "Мінск-арэне", назірала за біятланістамі на "Гонцы легенд" у Раўбічах.
Today I had my hardest fight and my very best victory! Our son was born healthy and happy! So thankful and blessed! Thank you 🙏🏻❤ pic.twitter.com/zsoFRivnvQ
— victoria azarenka (@vika7) 20 декабря 2016 г.
"Сёння ў мяне была самая складаная барацьба і самая лепшая перамога! Наш сын нарадзіўся здаровым і шчаслівым! Такая ўдзячная і шчаслівая! Дзякуй табе", — напісала Азаранка.
Бацькам дзіцяці стаў амерыканец Білі Маккінг. Аб бойфрэндзе тэнісісткі практычна нічога не вядома. Раней паведамлялася, што мужчына часцяком выходзіць на лёд у складзе каманды "Цмокі" ў першай лізе НХЛ (Начная хакейная ліга) у Мінску.
Азаранка была пераможцай Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі ў адзіночным разрадзе (2012, 2013 года) і двойчы выходзіла ў фінал турніру (2008, 2011), у 2009 годзе стала фіналісткай адкрытага чэмпіянату Францыі ў адзіночным разрадзе (2009). Таксама яна выйгравала Адкрыты чэмпіянат ЗША ў міксце з беларусам Максімам Мірным (2007) і Адкрыты чэмпіянат Францыі ў міксце з амерыканцам Бобам Браянам (2008). Акрамя таго, яна з'яўляецца чэмпіёнкай Алімпійскіх гульняў-2012 у міксце (з Мірным) і бронзавай медалісткай у адзіночным разрадзе.
Па словах першай ракеткі Беларусі, пасля родаў яна мае намер вярнуцца ў вялікі спорт.
У кастрычніку яшчэ адна вядомая беларуская спартсменка, трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава таксама стала мамай. У біятланісткі нарадзілася дачка Ксенія. У цяперашні час Домрачава актыўна вядзе падрыхтоўку да свайго першага выхаду на старт пасля родаў — прыхільнікі чакаюць яе ўбачыць у этапе Кубка свету ў Аберхофе.