МІНСК, 20 сне — Sputnik. Міліцыя склала пратаколы на ўдзельнікаў акцыі ў падтрымку тэлеканала "Белсат", якая прайшла днём у аўторак у адміністрацыі прэзідэнта ў Мінску.
Мерапрыемства анансаваў напярэдадні ў сацыяльных сетках адзін з лідэраў апазіцыі Павел Севярынец. Ён планаваў выйсці да адміністрацыі кіраўніка дзяржавы ў знак падтрымкі тэлеканала "Белсат", якому польскія ўлады плануюць скараціць фінансаванне.
Як перадае карэспандэнт Sputnik з месца падзей, прыняць удзел у акцыі вырашылі каля дзесяці чалавек, у ліку якіх — і лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Удзельнікі акцыі скандзіравалі лозунгі ў падтрымку тэлеканала і за свабоду СМІ. Таксама яны негатыўна выказваліся пра беларускія ўлады, у тым ліку — аб новым міністры адукацыі Беларусі Ігары Карпенка, які да СМІ дачынення не мае. Гучалі і антырасійскія лозунгі, а таксама заклікі да дзяржслужачых "падтрымаць іх".
Пратэставаць супраць магчымага закрыцця польскімі ўладамі тэлеканала выйшлі да адміністрацыі беларускага прэзідэнта таму, што, як патлумачыў журналістам Севярынец, "у краіне адсутнічае свабода слова". Апазіцыянер выказаў упэўненасць, што афіцыйны Мінск "дамовіўся аб знішчэнні "Белсата", а таксама заклікаў "выключыць НТБ" і праскандаваў назвы дэмакратычных, на яго думку, СМІ, сярод якіх — як "незалежныя выданні", так і адзін з найбуйнейшых парталаў краіны.
Нягледзячы на заявы Севярынца аб тым, што за плакаты "будуць затрымліваць", праваахоўныя органы не ўмешваліся ў ход акцыі. Прадстаўнікі міліцыі склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях на Севярынца і яшчэ некалькіх пратэстуючых.