МІНСК, 21 сне — Sputnik. Тарыфы на некаторыя віды жыллёва-камунальных паслуг вырастуць у наступным годзе ў Беларусі, максімальна дапушчальны кошт ЖКП зацвердзіў сваёй пастановай ад 16 снежня 2016 г. №1035 Савет міністраў рэспублікі.
Новыя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі былі апублікаваныя ў аўторак вечарам. Максімальны кошт некаторых ЖКП, па рашэнні ўрада, значна вырасце з 1 студзеня 2017 года. Так, газ і цеплазабеспячэнне стануць даражэй на 17%, амаль у два разы можа падняцца ў кошце водазабеспячэнне і водаадвядзенне.
Як паведаміла прэс-служба беларускага ўрада, сям'я з трох чалавек у двухпакаёвай кватэры будзе выдаткоўваць на камуналку у сярэднім на 11 рублёў больш. Sputnik таксама палічыў магчымыя выдаткі беларусаў на аплату жыровак.
Так, сям'я з чатырох чалавек у чатырох- або трохпакаёвай кватэры падчас неатапляльнага перыяду будзе выдаткоўваць практычна на 20% больш, чым раней. Калі па асноўных ЖКП (па тарыфах, на якія ідуць субсыдыі) раней атрымлівалася штомесяц каля 50 рублёў, то са студзеня будзе больш за 60. Такім чынам, агульная сума да аплаты будзе перавышаць 75 рублёў. Сям'я ж з чатырох чалавек у стандартнай "двушцы" зімой можа выдаткоўваць практычна на 15 рублёў больш: замест 70 рублёў камуналка можа дасягаць і 85 рублёў.
Вядома, кошт аплаты жыллёва-камунальных паслуг шмат у чым будзе залежыць ад спажывання і горада пражывання — у рэгіёнах тарыфы традыцыйна менш, чым у сталіцы. Некаторыя тарыфы, напрыклад на электраэнергію, у 2017-м годзе даражэць не будуць. Згодна з планамі ўрада, да канца 2018 года беларусы будуць кампенсаваць ўжо 100% усіх выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Да канца гэтага года жыхары рэспублікі кампенсавалі прыблізна 60% ад усіх выдаткаў.