Мінск, 23 сне — Sputnik. Напрыканцы Года культуры, спецыяльна да 120-годдзя класіка беларускай літаратуры, народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы 26-27 снежня Першы нацыянальны канал Беларускага радыё прапануе ўвазе слухачоў прэм’еру пастановачнага праекта – спектакль "Пісьмы, вернутыя з небыцця…".
У аснове пастаноўкі – малавядомыя факты біяграфіі Кандрата Крапівы. У прыватнасці, у эфіры будуць агучаны франтавыя пісьмы яго старэйшага сына Барыса, які загінуў пад Сталінградам у 1942-м годзе. Пры жыцці пісьменніка гэтыя лісты ніколі не друкаваліся, застаючыся для яго незагойнай ранай.
Дарэчы, да гэтай тэмы звярнулася ўнучка пісьменніка, мастацтвазнаўца Алена Атраховіч. Лёс яе роднага дзядзькі Барыса – гэта прыклад трагедыі нерэалізаваных талентаў і абарваных радаслоўных, якая кранула цэлае пакаленне, што не вярнулася з вайны і засталося ў нашай памяці назаўсёды маладым…
Рэжысёр пастаноўкі – Алег Вінярскі.
Гукарэжысёр – Валерый Бяляеў.
Рэдактар – Галіна Шаблінская.
Ролі выконваюць: народны артыст Беларусі Арнольд Памазан, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шароў, Галіна Чарнабаева, Алена Сідарава, артысты Андрэй Каралевіч і Лізавета Фалей.
Спектакль "Пісьмы, вернутыя з небыцця…" можна будзе пачуць на хвалях Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё 26 і 27 снежня ў 22.05.