МІНСК, 23 сне — Sputnik. Завершана экспертыза Уладзіслава Казакевіча, які напаў на жанчын з бензапілой і топром у ГЦ "Новая Еўропа", крымінальная справа можа быць перададзеная ў суд да канца бягучага года, заявіў старшыня Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч у эфіры тэлеканала АНТ.
Напад у гандлёвым цэнтры ўзрушыў Беларусь у пачатку кастрычніка 2016 года: 17-гадовы хлопец прыйшоў з бензапілой і сякерай у ГЦ "Новая Еўропа" і напаў на дзвюх жанчын, адна з якіх загінула. Малады чалавек быў затрыманы, у дачыненні да яго праводзілася комплексная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза.
"Скончана экспертыза, цяпер усе дакументы знаходзяцца ў матэрыялах крымінальнай справы, праводзяцца працэсуальныя дзеянні. Калі ўсё будзе нармальна, то ў гэтым годзе справа ўжо будзе накіравана ў суд", — заявіў Наскевіч.
Па словах кіраўніка СК, Казакевіч быў прызнаны псіхічна адэкватным.
"Канчатковую кропку ў гэтым пытанні паставіць суд, пасля вердыкту суда будзем ведаць матывы злачынства гэтага маладога чалавека", — сказаў на заканчэнне Наскевіч.
Паводле інфармацыі следчых, сам Казакевіч раней заяўляў пра тое, што на злачынства яго падштурхнула нянавісць да людзей. Родныя падлетка запэўнівалі, што ў яго былі пабочныя эфекты ад лекаў.