ГОМЕЛЬ, 26 сне — Sputnik. Парачка галандскіх белахохлых курэй пасялілася ў Зімовым садзе палацава-паркавага ансамбля Гомеля пад час школьных канікул. Да 14 студзеня экзоты будуць спрыяць выкананню жаданняў гамяльчан.
Незвычайную акцыю прыдумалі супрацоўнікі палацава-паркавага ансамбля. Сутнасць яе — загадаць жаданне побач з жывым сімвалам Новага года. Рэдкіх птушак для акцыі прадаставіў гомельскі заводчык Уладзімір Гоман.

Пеўню і яго сяброўцы выдзелілі месца ў Зімовым садзе сярод рэдкіх субтрапічных раслін. Побач з прасторнай клеткай ўсталявалі скрыню для жаданняў, якія можна напісаць тут жа.
Каб жаданне споўнілася, распавялі арганізатары акцыі, трэба кінуць у клетку некалькі зярняткаў і ціхенька вымавіць наступныя словы: "Певень сваіх курэй ахоўвае, нячысцікаў крыкам адганяе. Звонкім голасам поспех прыцягвае. Паспрабуй наш пачастунак і выканай жаданні патаемныя".
Вялікага наплыву наведвальнікаў пакуль няма. Паслуга, запэўніваюць супрацоўнікі палацава-паркавага ансамбля, будзе запатрабавана пасля пераднавагодніх клопатаў, у першыя дні студзеня.