Па просьбе карэспандэнта Sputnik Максім Рыжанкоў падвёў спартыўныя вынікі 2016 года, і ў першую чаргу, адзначыў вынікі Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра, перадае радыё Sputnik Беларусь.
"Мы чакалі некалькі іншага выступлення нашых атлетаў, але ўсё ж нам ёсць кім ганарыцца, пачынаючы ад чэмпіёна Алімпійскіх гульняў Уладзіслава Ганчарова і заканчваючы Самсонавым і Мазуронак, якія, на жаль, не заваявалі медалёў, але паказалі вельмі высокі ўзровень падрыхтоўкі", — адзначыў Максім Рыжанкоў у гутарцы з карэспандэнтам Sputnik.
Сярод найважнейшых для Беларусі падзеяў новы намеснік кіраўніка адміністрацыі назваў правядзенне Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, якую наша краіна прымала ўпершыню ў сваёй гісторыі.
"Упершыню да нас з'ехаліся кіраўнікі ўсіх алімпійскіх камітэтаў краін Еўропы, кіраўнікі еўрапейскіх федэрацый і многіх спартыўных арганізацый свету. Былі прыняты лёсавызначальныя рашэнні. У прыватнасці, Беларусь атрымала права правядзення другіх Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе", — дадаў Максім Рыжанкоў.
Акрамя таго, суразмоўца Sputnik адзначыў і трапленне беларускай сталіцы ў топ-20 спартыўных гарадоў свету. Па словах Максіма Рыжанкова, у сыходзячым годзе Мінск стаў у адзін шэраг з такімі гарадамі, як Парыж і Лондан, па ўзроўні правядзення спартыўных мерапрыемстваў.
Пры падвядзенні спартыўных вынікаў 2016 года суразмоўца Sputnik звярнуўся і да тэмы барацьбы з допінгам, у якой Беларусь дамаглася вельмі сур'ёзных поспехаў.
"Цяпер ніхто не можа сказаць, што ў Беларусі ёсць хоць нейкія перадумовы да заахвочвання або пазьбягання пакарання пры выкарыстанні допінгу. Зразумела, пераправеркі закранулі і нас. Але ўсе гэтыя праблемы прыйшлі з мінулага. На сённяшні дзень сітуацыя палепшылася вельмі значна", — адзначыў Максім Рыжанкоў.
Поўную версію размовы аб спартыўных выніках 2016 года слухайце на радыё Sputnik Беларусь.