МІНСК, 27 сне – Sputnik. Гурт Naka Piano працуе над новым праектам "Гульня ў праўду", у межах якога будзе запісаны новы альбом і пройдзе яго прэзентацыя. Узяць удзел у фінансаванні можа кожны на старонцы праекта на платформе Ulej. Cярод лотаў для інвестараў – абавязковы ў такім выпадку дыск, квіток на прэзентацыю і нават карціна маслам. Максімум душэўнасці замест формулы "тавар-грошы-тавар".
За 12 год гісторыі Naka выпусціла 5 нумарных альбомаў: "Тебе", "Пора", "Довольна", "Малітва" і аднаймённы альбом праекта Naka Piano. Другі альбом аблегчанай, фартэпіяннай версіі гурта будзе болей артавым і эксперыментальным. У частцы кампазіцый усё ж прагучаць бубны, а прэзентацыя пройдзе ў выглядзе монаперфоманса.
Чаму "гульня" і чаму "ў праўду"? Праўда – гэта не ісціна. Ісціна нейтральна, а праўда штосці ці кагосці заўжды апраўдывае. Гэта агульнапрыняты тэрмін, які аберагае інтарэсы аднаго ці болей бакоў. Гульня ў праўду – гэта паддаўкі. Ланцужок рэфлексій удзельнікаў. У дадзеным выпадку – выканаўцы і гледача. Задача праўды – даваць адказы на пытанні. Тут галоўнае знайсці форму адказу, каб праўда засталася праўдай і не ператварылася на факт ці ісціну.
Монаспектакль. Тое, што набалела. Тое,што шукала форму для праяўлення цягам доўгага перыяду творчасці Naka і Naka Piano і зараз гатовае да крысталізацыі. Тое, што было загублена, ці не было прамоўлена. Тое, што засталося і патрабуе выхаду навонкі. Замест радкоў складанага тэксту – яскравы монаперфоманс.
Як? Разам са слухачамі-інвестарамі. Мастацтва мастацтвам, але музыкі, рэжысёр, дызайнер, асвятляльнік, гукарэжысёр, тэхнікі, машыністы, асістэнты і іншыя запатрабаваныя асобы не могуць жыць толькі святым духам.
Дзе? Вінны бар. Лёгкасць, нязмушанасць і распаволенасць вельмі важныя для атмасферы праекта. Вытанчанасць і чырвонае святло – абавязковыя часткі букету.
Калі? Вясной 2017 года.