МІНСК, 27 сне — Sputnik. Паэт і спявак Алесь Камоцкі выклаў у інтэрнэт альбом "Гойкнуў баравік", які Рыгор Барадулін запісаў у яго дома 16 год таму, паведамляе Tuzin.fm.
Гэты альбом лічыўся рарытэтным, выдаваўся толькі на касетах і хутка разышоўся, а ў сеціве да гэтага публікаваліся толькі асобныя трэкі. У час зімовых святаў Алесь Камоцкі, з падачы якога і адбыўся гэты запіс, вырашыў зрабіць прыемнасць ды выклаў для праслухоўваньня ўсе 56 трэкаў.
Паэт акапэла спявае песні ды прыпеўкі з роднай Вушаччыны. "Ідэя запісу была мая, і дзядзька Рыгор адгукнуўся на яе з імпэтам, бо яму хацелася зафіксаваць тое, што ён ведаў. Ён сам склаў спіс песень і мы ўсё запісалі ў мяне дома, за гарбатаю, за нейкія тры гадзіны", — распавёў Алесь Камоцкі.