МІНСК, 28 сне – Sputnik. Навагодняя забаўляльная праграма "Карагод казак пастаўскага Паазер’я" стартавала ў спартыўна-турыстычным комплексе "Азёркі" ў сяэдзіне снежня, — распавядае газета "Пастаўскі край". Акрамя анімацыйных праграм тут плануецца распрацоўка "Казачнай сцежкі Дубоўкі". Яе абуладкаванне ўжо пачалося там будзе скульптура дзядка Бая з яго сябрамі, а таксама іншыя цікавыя выявы.
Пачаць сваю дзейнасць у гэтым кірунку пастаўскія работнікі культуры вырашылі з казкі не толькі таму, што Новы год – час цудаў, але і таму, што пастаўская зямля падарыла свету выдатнага майстра прыгожага слова Уладзіміра Дубоўку, які акрамя ўзнёслых, глыбока патрыятычных і лірычных вершаў, пісаў яшчэ і чароўныя казкі. Менавіта іх героі напярэдадні Новага года пасяліліся ў Азёрках і будуць радаваць гасцей не толькі на Каляды і Новы год, але і ў астатні час.
Нарадзіўся Уладзімір Дубоўка 15 ліпеня 1900 года ў вёсцы Агароднікі Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці, скончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю.
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962) за зборнік вершаў "Палеская рапсодыя", кніжкі вершаваных казак для дзяцей "Цудоўная знаходка" (1960), "Кветкі — сонцавы дзеткі" (1963), "Казкі" (1968), "Залатыя зярняты" (1975), а таксама казкі "Як сінячок да сонца лётаў" (1961), "Дзівосныя прыгоды" (1963), "Мілавіца" (1964).
Дарэчы, казкі Улаздзіміра Дубоўкі цікавыя не толькі дзецям, але і дарослым.
Урывак з казкі "Хто дужэйшы"
І хоць Мароз стаяў ля рук,
калі сек дрэвы паляшук,
трымалі рукі цеплыню
ад працы, быццам ад агню.
Тады пазнаў вялікі сход,
што ні Мароз, ні снег, ні лёд,
ні Вецер з Хмарай на чале,
ні Сонца ў казачным святле
не перамогуць сілы той,
якая ў працы ёсць людской.
Людская праца — уладар!
Яна на свеце гаспадар!