Ларыса Мятлеўская, Sputnik.
Чым пахне навагодняе свята? Хвояй, свежым паветрам ад выбітых на снезе дываноў, мандарынавымі скарынкамі і апетытным водарам з кухні, дзе гатуюцца святочныя кулінарныя шэдэўры. Вакол мітусня, а на сэрцы радасна і крыху трывожна. Ці ж жартачкі, заўтра надыйдзе новае, невядомае жыццё і так хочацца спадзявацца на лепшае для ўсіх!
Адна справа, чакаць гэта свята, калі табе 6 гадоў, другая, калі табе 36 і трэцяя, калі табе пераваліла за паўстагоддзе. Смак гэтага свята заўсёды розны. Самы лепшы варыянт сустрэчы Новага года, канечне, калі ты дзіця. Ціскай сабе паціху цукеркі ды мандарынкі з упрыгожанай ёлкі, і вер у Дзеда Мароза, які абавязкова прынясе падарунак. Аднак і даросламу чалавеку можна адчуць той непаўторны смак Новага года з дзяцінства.
Перанос у мінулае лёгка ажыццявіць, дакрануўшыся да навагодніх цацак. Сустрэча гэтага свята напаўняецца глыбінёй адчування хутка бягучага часу і дарагіх сэрцу ўспамінаў.
Нарадзіўшыся ў горадзе, у дзяцінстве мне часта даводзілася бываць на вёсцы не толькі ўлетку, але і зімой. Добра памятаю, што бабуля і дзядуля ніколі не сустракалі Новы год, бо працягваўся піліпаўскі пост. Усё святкаванне гэтай падзеі сыходзіла да стука ў дзверы паштаркі, якая прыносіла віншавальныя паштоўкі ад дзяцей і далёкіх родзічаў. Гэта ўзрушвала і асвятляла сэрца старых радасцю ад магчымасці праз сціслыя радкі на «адкрытым лісце» даведацца пра новае ў жыцці сваякоў і адчуць павагу і любоў дзяцей і унукаў. Такія паштоўкі доўга ляжалі на бачным месцы і іх шмат разоў перачытвалі.
Самы любімы касцюм — снягуркі
Асаблівыя ўспаміны пра ранішнікі ў дзіцячым садку. У той час усе дзяўчынкі марылі быць на гэтым маленькім карнавале снягуркамі і сняжынкамі. Касцюмы гэтых персанажаў набыць не было магчымасці нідзе. Іх рабілі сваім дзецям мамы, цёткі і бабулі, штосці заставалася ў спадчыну ад старэйшых дзяцей. Каб зрабіць строй сняжынкі, патрэбна было набыць у тым жа ЦУМе марлю для сукенкі, мець вату, кардон і пацерушыць пару пабітых елачных цацак для наклейвання бліскучых асколкаў на карону.
Дарэчы, маю вогненна рыжую сястрычку сняжынкай не абіралі, а вось касцюм лісічкі ёй вельмі пасаваў.
З гісторыі ёлачнай цацкі
Дастаткова толькі ўзяць у рукі скрынку са старымі цацкамі, як пераносішся ў гісторыю жыцця некалькіх пакаленняў і нават вялікай краіны Прыходзіць вострае адчуванне сустрэчы з блізкім людзмі, якія калісці трымалі іх ў руках або проста збіраліся за навагоднім сталом, каб пад звон курантаў з бакалам шампанскага сустрэць «новае шчасце» ў новым годзе.
Першы дзень новага года быў абвешчаны выхадным у 1946 годзе.
Навагодняе свята пачалі святкаваць паўсюдна. З гэтай нагоды з'явілася вялікая патрэба ў елачных цацках. У 1950-1960-х адкрылася адразу некалькі фабрык елачных цацак — у Маскве, Ленінградзе, Кліну, Кіеве, Кіраве. У Мінску навагоднія цацкі пачалі вырабляць яшчэ ў 1946 —м годзе на мастацка-галантарэйнай фабрыцы, дзе быў створаны адмысловы цэх па вытворчасці такіх цацак. Да сярэдзіны 1960-х ён знаходзіўся на вул Няміга, 13а. Мінскія цацкі былі якаснымі і вельмі прыгожымі. Кожная цацка выдувалася і распісвалася асобна.
Учора цэлую ноч сядзела ў інтэрнэце і праглядала старонкі каталогаў, на якіх адлюстраваны старыя цацкі савецкіх часоў. Зразумела, што адной ночы мала. Як дзіця радавалася, калі знаходзіла ўпрыгожванні, якія ёсць і ў мяне, а пасля з хваляваннем чытала водгукі такіх розных і адначасова адзіных у сваёй любові да гэтага свецкага свята людзей. Нездарма яно стала такім сапраўды народным і любімым. Ну і што з таго, што мы прывыклі яго бачыць такім, якім яго прыдумалі святкаваць у 1935 годзе. Ну і што, што свята прапагандавала савецкі лад жыцця! Затое ў некалькіх пакаленняў ёсць дарагія ўспаміны, а ў іх нашчадкаў захаваныя ў музеях і прыватных калекцыях унікальныя ёлачныя ўпрыгожванні, зробленыя ў СССР — краіне, якой больш няма. Дарэчы, рашэннем міжнароднай арганізацыі калекцыянераў елачных цацак "Golden Glow" — старадаўнімі лічацца цацкі, вырабленыя да 1966 года. Аказалася, што такіх цацак у мяне нямала.
- з выявай савецкай сімволікі
- харчовыя цацкі хрушчоўскіх часоў. Матавыя, вельмі рэалістычна выкананыя перцы, яблык, кукуруза, вінаград, арэшкі — самыя мае любімыя з дзяцінства
- звяркі, птушкі, шышкі, грыбкі.
Асабліва ганаруся рэшткамі шкляруснай гірлянды і парачкай мантажных цацак, якія калісці не лічыліся намі прыгожымі і таму мала захавалася. А вось гісторыя з'яўлення ў Расіі такіх вырабаў зыходзіць ў часы Першай сусветнай вайны, калі палонныя немцы трапілі ў горад Клін. У тыя часы там быў завод па вырабу шкла, на якім рабілі лямпы, бутэлькі, аптэчны посуд. Трапіўшы туды на працу, немцы навучылі рускіх майстроў выдуваць са шкла шары і пацеркі. Дарэчы такімі дутымі пацеркамі ўпрыгожвалі не толькі ёлкі. Сялянкам спадабаліся яркія маністы з клінскага шкла. Насілі іх і беларускі.
Жадаю Вам сустрэць Новы Год «як мае быць»: каля ўпрыгожанай ёлкі, за багата накрытым сталом і. галоўнае,разам з людзьмі, якія вам дарагія. Памятайце, што як Новы Год сустрэнеш, так яго і пражывеш. Вясёлага свята, даражэнькія і да сустрэчы ў Новым Годзе!