МІНСК, 30 сне — Sputnik. Для большасці мінчан пытанне "куды пайсці ў будучыя выходныя" хутчэй за ўсё неактаўльнае: 31-га яны змогуць выбрацца максімум у краму за гарошкам, 1 і 2 — дадому ці да сяброў даядаць той самы гарошак у аліўе.
Для тых, хто ўсё-такі вырашыцца на больш нестандартныя маршруты ў Новы год, Sputnik гатовы падказаць адрасы.
Новы год у філармоніі
Вы, вядома, памятаеце, чаму Жэня Лукашын 31 снежня хадзіў з сябрамі ў лазню — каб сустрэць новы год чыстым. Метафарычнае ачышчэнне прапаноўваюць за некалькі гадзін да 2017-га ў філармоніі.
Музычны Дом "Класіка" і Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь запрашаюць на "Новы год у філармоніі" — праграму, у якой сабралі найбольш папулярныя класічныя нумары. Мяркуючы па тым, што ў касе засталіся лічаныя квіткі, ідэя схадзіць за некалькі гадзін да новага года ў філармонію мінчанам спадабалася.
Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія; калі: 31 снежня ў 18:00.
Музтэатр: новы год у стылі "Галівуд"
Калі стол накрыты, тэлепраграма не ўражвае, то да бою курантаў 31 снежня можна яшчэ паспець схадзіць у тэатр. Калектыў Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра вырашыў спакусіць гледачоў у пераднавагодні вечар музычным шоў "Новы год у стылі Галівуд".
Абяцаюць парадаваць каверамі з папулярных амерыканскіх фільмаў — "Аднойчы ў Амерыцы", "Кабарэ", "Джэймс Бонд. Агент 007", "Місія невыканальная" і многім іншым.
Дзе: Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр; калі: а 18:00; кошт квіткоў: 30-50 рублёў.
Не ў лазню, дык у аквапарк
Для тых, каму адзначэнне Новага года дома, у клубах або рэстаранах — гэта занадта традыцыйна, а за мяжой — занадта дорага, ёсць кампрамісны варыянт, трапічны востраў у аквапарку "Лебяжы".
У ноч на 1 студзеня тут гарантуюць весялосць без клопатаў: водны танцпол, велізарную колькасць атракцыёнаў, ненадакучлівую тэматычную праграму і прыязны сэрвіс.
І так — Жэня Лукашын ацаніў бы — лазні, гэта значыцца саўны і рымскія тэрмы, у гэтую ноч будуць працаваць да раніцы.
Дзе: аквапарк "Лебяжы", калі: ноч з 31 снежня на 1 студзеня; кошт квіткоў: ад 90 рублёў (без святочнага стала).
Толькі джаз
Джазавы новы год запрашаюць сустрэць у Палацы рэспублікі. Да трох гадзін ночы тут будзе граць кароль джаза — кумір джазавай Амерыкі, легендарны Дэтройт Гэры Уігінс!
Арганізатары прэзэнтуюць яго як "Падпальшчыка Сцэны", які ўмее любы канцэрт пераўтварыць у сапраўдны феерверк. Абяцаюць, што будзе як у Гарлеме 50-х.
Таксама ў праграме — магчымасць сустрэць новы год у галоўнай ёлкі краіны і банкетнае меню "Джазавае аліўе", дранікі "Беларускі джаз" і шмат іншых кулінарных імправізацый.
Дзе: Палац Рэспублікі; калі: з 23:00 да 3:00; кошт праграмы — 175 рублёў.
"Навагодні баль-карнавал" і "Народная пахмельная"
На Навагодні баль-маскарад запрашаюць усіх жадаючых увечары 31-га снежня ў рэстаран гатэля "Аква-Мінск". Абяцаюць карнавальныя маскі, палацавыя інтрыгі, оперны выступ, а потым яшчэ снежнае шоў і феерверк.
Дзе: рэстаран гатэля "Аква-Мінск"; калі: 31 снежня з 21:00; кошт праграмы: 170 рублёў.
А днём 1 студзеня там жа чакаюць усіх, хто захоча працягнуць свята, на "Народную пахмельную". Замест оперы будуць ужо рускія забавы, баяніст і народная анімацыя, а таксама блінцы з ікрой пад глінтвейн і хрэнавуху.
Дзе: рэстаран гатэля "Аква-Мінск"; калі: 1 студзеня ў 13.00; уваход вольны.
Шаманскі Новы год
Бюджэтна і адначасова нясумна сустрэць Новы год прапануюць у Доме Фішэра. За 40 рублёў усім, хто не прыдумаў, куды падацца ў навагоднюю ноч, прапануюць цёплыя прыпавесці, абдымацца, смачны глінтвейн і песні ў крузе.
Гэта ўсё бонусам, а ў асноўнай праграме заяўлена Шаманская весялосць — вар'яцкія касцюмы, карагоды вакол вогнішча, музычны джэм, вар'яцкія танцы, смачныя стравы…
Дзе: анты-кафэ "Дом Фішэра"; калі: 31 снежня з 21:00; кошт праграмы: 40 рублёў.
Адкрытым застаецца пытанне куды схадзіць 2 студзеня — калі лепшыя культурныя сілы краіны таксама вырашыліся на адпачынак? Можна ў кіно — на навагоднія "Ёлкі" або "Дзед мароз. Бітва чараўнікоў", можна з дзіцём (калі ёсць і калі яшчэ не стаміліся ад святкавання) — на чарговы ранішнік.
А можна, нарэшце, проста абібочыць дома — з кніжкай ці перад тэлевізарам. У рэшце рэшт раз у год можна і адпачыць ад высокакультурных забаваў.