МIНСК, 2 сту — Sputnik. На постсавецкай прасторы канал "Культура" Беларускага радыё ў свой час быў адзіным падобным спецыялізаваным радыёканалам. Спачатку эфір складаўся ў асноўным з фондавых матэрыялаў, буйных музычных і літаратурна-мастацкіх твораў. Сёння ў эфіры гучаць інфармацыйныя, забаўляльныя, навукова-папулярныя, музычныя, літаратурныя праграмы.
На яго хвалях у выкананні артыстаў мінскіх тэатраў гучаць лепшыя творы беларускіх аўтараў, а таксама найвыдатнейшыя ўзоры сусветнай літаратуры.
Беларускае радыё плённа супрацоўнічае з Еўрапейскім Вяшчальным Саюзам. У эфіры "Культуры" гучаць лепшыя канцэрты сусветна вядомых выканаўцаў, і слухачы віртуальна могуць апынуцца ў лепшых канцэртных залах Еўропы. Адпаведна ў абменным фондзе ЕВС знаходзяцца запісы лепшых беларускіх канцэртаў, з якім могуць пазнаёміцца меламаны ў іншых краінах.
Канал "Культура" адрадзіў радыёвяшчанне для дзяцей. У 2010 годзе беларускія дзеці ўдзельнічалі ў Міжнародным творчым конкурсе ЕВС "Скарбы прабабулінага куфэрка". Звыш ста работ школьнікаў былі накіраваны ў Прагу. У 2012 годзе прайшоў першы Рэспубліканскі радыёконкурс юных чытальнікаў «Паэтычны ветразь», прымеркаваны да юбілеяў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка і аб'яўленага Года кнігі. А сёлета Другое творчае спаборніцтва было прысвечана юбілеям Максіма Багдановіча і Кандрата Крапівы. Па выніках конкурса, прысвечанага ў тым ліку і 15-годдзю канала "Культура", былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі школьнікі з Мінску, Вілейкі, Ашмян, Ліды, Маладзечна, Мазыра, Жодзіна і іншых гарадоў.
Пасля навагодніх святаў канал "Культура" з нагоды юбілею падрыхтаваў нямала падарункаў для сваіх даўніх аматараў. Плануецца працягнуць традыцыю выязных сустрэч у гарадах, якія носяць пачэснае званне "Культурнай сталіцы Беларусі". Запланаваны выязныя акцыі, святочныя канцэрты, якія стануць сапраўднымі сюрпрызамі для слухачоў і пакуль што трымаюцца ў сакрэце.