МІНСК, 6 сту — Sputnik. Трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава фінішавала 37-й у спрынтэрскай гонцы на чацвёртым этапе Кубка свету ў нямецкім Аберхофе.
У пятніцу адбылася жаночая спрынтэрская гонка (7,5 кіламетраў з двума агнявымі рубяжамі). Першай да фінішу прыйшла прадстаўніца Чэхіі Габрыэла Каўкалава (Саўкалава) — 22 хвіліны 28,5 секунд. Другой стала біятланістка з Фінляндыі Кайса Мякярайнен (21,3 секунды, 2 штрафныя кругі), трэцяй на п'едэстал паднялася францужанка Мары Дарэн-абер (+24 секунды, 1).
Уладальніца вялікага Хрустальнага глобуса па выніках сезона 2014/15 Дар'я Домрачава прайграла пераможцы 2 хвіліны 2,8 секунды (2 штрафныя кругі).
Дарэчы, гэта першы старт 30-гадовай беларускі праз амаль два гады: улетку 2015 года яна абвясціла аб паўзе ў кар'еры, затым у 2016-м выйшла замуж за нарвежскага біятланіста Уле Эйнара Б'ёрндалена, а ў кастрычніку нарадзіла дачку Ксенію.
Акрамя Домрачавай у спрынце ўдзельнічалі таксама Дар'я Юркевіч, Ірына Крыўко і Надзея Пісарава. Этап КС працягнецца ў суботу мужчынскім мас-стартам, у нядзелю ў гэтай жа дысцыпліне будуць спаборнічаць жанчыны.