МІНСК, 7 сту — Sputnik. Пакуль ва ўсіх СМІ пішуць пра тое, што сістэмы жыццезабеспячэння не вытрымліваюць моцных маразоў, знаходзяцца мінчане, якія з задавальненнем акунаюцца ў палонку.
Традыцыйна ў Беларусі прынята акунацца ў палонку на свята Хрышчэння Гасподняга. Самая вядомая іардань у Мінску размешчана на Цнянскім вадасховішчы, куды праваслаўныя вернікі штогод прыходзяць на вадохрышча ў ноч з 18 на 19 студзеня.
Але фатограф агенцтва Рэйтэр Васіль Фядосенка знайшоў мінчан, якія купаюцца і ў калядную раніцу. Заўважым, што 7 студзеня тэмпература апусцілася да мінус 26 градусаў, а Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа адмыслова ўсталявала пункт абагравання на плошчы Свабоды ў Мінску.
Але мінскіх маржоў можна зразумець, бо сіноптыкі абяцаюць, што ў дні традыцыйных калядных купанняў надвор'е будзе градусаў на 20 цяплей, чым цяпер.