Вядучы радыё Sputnik Беларусь Аляксандр Крывашэеў і карэспандэнт агенцтва Sputnik Беларусь Юлія Хвошч распавялі, як рыхтаваліся да Раства на Беларусі і ўзгадалі, як ім даводзілася калядаваць самім.
Лічыцца, што цікавасць да абрадаў адбываецца праз пакаленне, то бок, калі нашыя бабулі з павагай ставіліся да абрадаў, а нашыя бацькі не надавалі гэтаму асобай увагі, то ў нашага пакалення цікавасць да святаў зноў вяртаецца.
Пра гэтае сведчаць і шматлікія кірмашы, і акцыі, і мерапрыемствы, і вялікія музычныя фэсты, што ладзяцца ў наш час падчас Раства.
Раство лічылася асаблівым святам, таму беларусы рыхтаваліся да яго вельмі адказна — рабілі генеральную ўборку, калолі свінню, па магчымасці шылі новыя ўборы, тапілі лазню, каб у новы год увайсці чыстымі не толькі духоўна, але і фізічна. Калядаваць пачыналі ўвечары напярэдадні першага дня святаў або напярэдадні Раства.
У першы калядны дзень, 7 студзеня, на Беларусі было прынята наведваць сваіх хроснікаў і дарыць ім падарункі. Вечарам надыходзіў час моладзі. Вялікія кампаніі па 10-15 чалавек пераапраналіся ў цыган, у мядзведзяў, абавязкова апраналі аднаго з членаў групы казой.
Другі дзень Калядаў называўся днём святога Сцяпана. У гэты дзень гаспадары расплачваліся са сваімі работнікамі, пасля чаго тыя маглі выказаць усе свае крыўды. Скончыўшы з высвятленнем адносін, гаспадары і работнікі або заключалі новы дагавор на год, або разыходзіліся. Пра гэты дзень нават існуе прымаўка: "На святы Сцяпан кожны сабе пан".
Падрабязней пра калядаванне на Беларусі — у аўдыёзапісе Sputnik Беларусь.