Збор подпісаў за афармленне ўпаковак на беларускай мове ідзе ў інтэрнэце

© Sputnik / Людмила ЯнковскаяПрадукты
Прадукты - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Аўтары петыцыі жадаюць, каб інфармацыя аб таварах і паслугах у абавязковым парадку даводзілася на дзвюх дзяржаўных мовах – беларускай і рускай.

МІНСК, 9 сту — Sputnik. У інтэрнэце з'явілася петыцыя аб змяненні дзеючага закона "Аб абароне правоў спажыўцоў". Складальнікі петыцыі прапаноўваюць змяніць "або" на "і" у той частцы тэксту, дзе гаворыцца, што інфармацыя пра тавары і паслугі павінна даводзіцца да спажыўцоў па-беларуску ці па-руску.

"Тэхнічныя рэгламенты ЕАЭС, у які ўваходзіць і Беларусь, абавязваюць інфармацыю аб таварах і паслугах даводзіць абавязкова па-руску. Калі заканадаўства краін-удзельніц прадугледжвае абавязак выкарыстання і дзяржаўнай мовы, то інфармацыя даводзіцца і на дзяржаўнай, або дзяржаўных мовах", — гаворыцца ў тэксце.

Аўтары петыцыі звяртаюць увагу, што "зараз у Беларусі дзейнічае закон "Аб абароне правоў спажыўцоў", паводле якога інфармацыя аб таварах і паслугах павінна даводзіцца да спажыўцоў па-беларуску або па-руску. Такім чынам, беларускае заканадаўства не прадугледжвае абавязку выкарыстоўваць абедзве дзяржаўныя мовы".

"Беларускія прадукты асацыююцца за мяжой з добрай якасцю. Беларуская мова паспяхова падкрэслівае і падштурхоўвае расійскага (казахскага, любога іншага) спажыўца да пакупкі менавіта беларускага тавару. А беларуская мова на ўпакоўцы дадае ўпэўненасці, што гэта не падробка пад лэйблам Made in Belarus, а сапраўдны аўтэнтычны беларускі прадукт", — падкрэсліваецца ў петыцыі.

Петыцыю плануюць накіраваць у Адміністрацыю прэзідэнта і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Стужка навiн
0