Каляндар народных лялек стварылі ў Крупскім раёне

© Photo : "Крупскі веснік", Марына БаўтрукевічУдзельнікі аб'яднання па інтарэсах "Сувенір", Крупскі раён
Удзельнікі аб'яднання па інтарэсах Сувенір, Крупскі раён - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Стаўбушка, падобна Бураціна, нарадзілася з палена. І вельмі дарэчы прыйшлася да двара, каб дабро ў дом заклікаць.
МІНСК, 11 сту — Sputnik. У Крупскім раёне стварылі "Народных лялек каляндар", паведамляе газета "Крупскі веснік". У ролі майстроў-умельцаў выступілі навучэнцы аб'яднання па інтарэсах "Сувенір" цэнтра дзіцячай творчасці. А ідэю ім прапанавала кіраўнік Наталля Рыбачонак. Дзяўчынкі і хлопчыкі яе падхапілі. Так з'явіўся творчы праект "Народных лялек каляндар".
Для пачатку кожны з удзельнікаў праекта абраў пэўны месяц у годзе. Затым даведаліся, якія народныя святы традыцыйна адзначаліся ў гэтым месяцы менавіта на тэрыторыі Беларусі і якія лялькі выкарыстоўваліся пры гэтым. Потым выбралі адну з лялек, вывучылі традыцыйную тэхналогію яе вырабу, падабралі неабходныя матэрыялы і прыступілі да вырабу лялек.
Дванаццаць месяцаў у годзе — дванаццаць абрадавых лялек: "Каза", "Зімовая вясельніца", "Парачка", "Вялікдзень", "Зязюлька", "Пакосніца", "Траўніца", "Крупенічка", "Стрыгушка", "Дзесяціручка", "Піліпаўка", "Спірыдон".
Таксама тут пашылі касцюмы для лялек-абярэгаў — Пелянашкі, Кувадкі, Стаўбушкі і Крупенічкі. Прычым у поўны рост. Ад чаго аберагаюць гэтыя лялькі?
  • Пелянашку раней спавівалі і клалі ў калыску да дзіцяці. Вось такі абярэг ад злых духаў.
  • Кувадку прыносілі ў лазню, дзе нарадзілася дзіця, як шчыт ад нячыстай сілы.
  • Стаўбушка, падобна Бураціна, нарадзілася з палена. І вельмі дарэчы прыйшлася да двара, каб дабро ў дом заклікаць.
  • Крупенічка прываблівала ў дом дастатак.
Стужка навiн
0