МІНСК, 13 сту — Sputnik. Беларускія акадэмічныя навукоўцы не так даўно падводзілі вынікі сваёй працы ў 2016 годзе і дзяліліся планамі на наступны год. Спецыяльна для Sputnik дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч растлумачыў, у чым унікальнасць выдання гістарычнага атласа Беларусі і якія далейшыя планы у беларускіх навукоўцаў.
— Падрыхтавана і выдадзена 3 тамы "Вялікага гістарычнага атласа Беларусі". У чым неабходнасць выдання і для чаго яно патрэбна?
— "Вялікі гістарычны атлас Беларусі" — вельмі патрэбнае выданне, таму што гэта наш беларускі погляд на нашу айчынную гісторыю ў картаграфічным выкананні. Па ўсіх гістарычных перыядах, пачынаючы ад засялення тэрыторыі Беларусі і да сучаснага этапа.
Гэта так бы мовіць адлюстраванне дасягненняў сучаснай беларускай навукі ў мапах. Гэта вельмі запатрабаваны фармат ведаў для школ і навучальных устаноў. Гэтыя мапы ўжо з'яўляюцца асновай для падручнікаў школ і ВНУ.
Выданне "Вялікага гістарычнага атласа Беларусі" — гэта вялікае дасягненне і ўнікальная па сваёй сутнасці праца. Нашыя суседзі не маюць аналагічных выданняў.
На дадзены момант выйшлі тры тамы атласу, і мы спадзяемся, што напрыканцы 2017 года свет пабачыць чацвёрты, апошні том, змест якога прысвечаны савецкаму перыяду і сучаснаму этапу беларускай дзяржаўнасці.
Выхад у свет "Вялікага гістарычнага атласа Беларусі" з'яўляецца прыкладам плённага супрацоўніцтва шырокага кола навукоўцаў і ведамстваў. Да працы далучыліся не толькі акадэмічныя гісторыкі, але і Дэпартамент па архівах і справаводству, а таксама Дзяржаўны камітэт па маёмасці, прадпрыемства "Белкартаграфія" і іншыя зацікаўленыя бакі.
Упершыню пад вокладкай аднаго выдання сабраны мапы, якія ўтрымліваюць інфармацыю па ўсіх перыядах беларускай гісторыі. Калі вы трымаеце ўсе чатыры тамы гістарычнага атласа, то у вашых руках уся інфармацыя ад старажытнасці да сучаснасці, як развівалася духоўна-культурная, сацыяльна-эканамічная і грамадска-палітычная сітуацыя, як змяняліся межы.
Гэта энцыклапедыя гісторыі Беларусі
— Атрымліваецца, што атлас утрымлівае інфармацыю энцыклапедычнага характару?
— Сапраўды, гістарычны атлас — гэта своеасаблівая энцыклапедыя Беларусі ў мапах. Для кожнага раздзела напісаны ўводны артыкул, які дае гістарычнае апісанне беларускіх зямель у дадзены перыяд. Далей па раздзелах ідуць мапы: палітычная, сацыяльна-эканамічная, культурная і канфесіянальная.
Кожны том таксама ўтрымлівае генеральную мапу, дзе паказана ўся тэрыторыя Беларусі на той час з усімі населенымі пунктамі, дзе яны знаходзіліся і як называліся. Напрыканцы кожнага тома ёсць указальнік назваў населеных пунктаў. Натуральна кожны чалавек можа паглядзець, ведаючы назву сваёй вёскі, і даведацца, калі яна з'явілася і як называлася ў той час. Гэта вельмі важны пазнавальны момант.
Замежныя навукоўцы зацікаўленыя ў Беларусі
— Наколькі папулярны зараз "Вялікі гістарычны атлас Беларусі" сярод спецыялістаў, навукоўцаў і чытачоў?
— Беларускія гісторыкі і нашыя замежныя калегі кажуць, што гэта унікальнае і выбітнае выданне. Некаторыя замежныя калегі нам зайдросцяць, бо ў іх на дадзены момант няма такіх картаграфічных выданняў па ўсёй гісторыі ад старажытнасці і да сучаснасці. Думаю, што ў любога чалавека, які цікавіцца гісторыяй, будзе вялікая зацікаўленасць у нашым атласе.
Гэтае выданне таксама статуснае і рэпрэзентатыўнае, бо яно прадстаўляе наш, беларускі, погляд на ўласную гісторыю, сведчыць аб узроўні развіцця гістарычнай навукі ў нашай краіне і працуе на імідж Беларусі ў тым ліку і за яе межамі.
У хуткім часе плануецца пачаць падрыхтоўку выдання шматтомнай гісторыі Беларусі. Упершыню яна будзе напісана цалкам з нашых уласных дзяржаўных пазіцый. І старажытную і сучасную гісторыю мы будзем паказваць аб'ектыўна, такой, якая яна ёсць. Унікальнасць дадзенага выдання будзе ў тым, што кнігі будуць тэматычнымі, а не ў звычайным храналагічным парадку.