Вольга Караленка, Sputnik.
За што атрымалі такое прозвішча продкі Уладзіміра Бязрукава, ніхто, вядома, ужо не прыгадае. А што яно поўнасцю супярэчыць уласцівасцям яго носьбітаў — ведала ўсё наваколле падмаскоўнага Пушкіна.
Дзед і бацька былі краўцамі кажухоў ды паліто. Да маці былыя кліенткі прыляталі за абноўкамі ажно з Сібіры. Ды і сам Уладзімір Іванавіч лёгка шыў спадніцы сваім маленькім дочкам. Потым, каб пабалаваць іх, ляпіў гліняныя цацкі-свістулькі, пераймаючы тэхніку каргапольскіх майстроў.
Дасканала асвоіў і фотасправу, а працуючы ў Бярэзінскім біясферным заказніку, рабіў унікальныя здымкі звяроў і прыроды.
Дарэчы, Уладзімір Бязрукаў неаднаразовы пераможца конкурсу на лепшы фотаздымак, які кожны год праводзіць Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.
Любіць пасядзець і з дрэвам, выразаючы складаныя ўзоры. А на сцяне гасціннай у яго катэджы вісіць… лук. Сапраўдных памераў, не бутафорскі, з якім можна ісці на паляванне. А нядаўна жонка Алена Канстанцінаўна вычытала, што пры болях у суставах карысна па доме хадзіць у лапцях: нарыхтаваў ліпавага лыка і сплёў некалькі пар.
Любую справу, якой загараецца гэты майстар, ён дасканала асвойвае і становіцца прафесіяналам, хоць і ў катэгорыі аматараў.
Кацялок для цешчы як першы крок да посуду сярэднявечча
На выраб посуду з гліны натхніла цешча, якая прыехала з Мсціслаўшчыны і папрасіла зрабіць ёй кацялок для запарвання кашы ў печы. Так у майстэрні з'явіўся ганчарны круг, а ў тым кацялку і па сённяшні дзень гаспадары вараць гарбузянку.
"Натрапіў на жылу", — усміхаецца ганчар, паказваючы збанкі, гарлачы, талеркі, чайнікі. Розныя па формах і памерах, аднак літаральна ўсе з арнаментам і месячным бляскам, які робіць чорную, задымленую кераміку "металічнай".
Дасягаецца гэта выключна рукамі, марудным працэсам націрання выцягнутых з печы рэчаў. Таму і "жыла" ніякая не залатая, а духоўная, якая зусім не прыносіць карысці. Толькі задавальненне, радасць ад атрыманага. І не шкада часу ганчару на асваенне новых арнаментаў і тэхнікі, якую ўдасканальвае нават у сне. Так прыйшоў адзін са спосабаў надання бліскучасці, а таксама нанясення малюнка.
Асабіста мне вельмі падабаецца здымак самога ж Уладзіміра Іванавіча з выставы, дзе яго кераміка, і не толькі чорная, стаіць на ручніках прабабкі. Сімвалічна, паколькі формы і арнамент для сваіх талерак, збанкоў ён знаходзіў перш за ўсё у тых мясцінах, дзе жылі продкі яго і жонкі.
А потым вывучыў не адну кнігу, пазнаёміўся з рознымі формамі керамічнага посуду, арнаментамі, пераздымаў, каб скапіраваць і дакладна перанесці на выпуклую паверхню.
"Вунь гэты збан з Кубліч Ушацкага раёна, а вось такія гарлачы распаўсюджаны на Мсціслаўшчыне, форму гэтай патэльні я пераняў з музея археалогіі ў Сафійскім саборы. А гэты чайнік знайшоў у сметніку ў Арэхаўне. Па іх формах і раблю свае рэчы", — паказвае ганчар фотаздымак са старым посудам, аналагі якога стварылі новую выставу.
Зараз ён можа растлумачыць любы малюнак, да арнаментаў падыходзіць асэнсавана. Невыпадкова сярод мноства заваяваных ім дыпломаў пераважная большасць — за аднаўленне народных рамёстваў.
Прафесіянал сярод аматараў
Не так даўно Уладзімір Бязрукаў дэманстраваў сваю калекцыю ў Полацкім цэнтры рамёстваў. Выстава чорнага посуду, як заўсёды, прыцягвала гледачоў, а супрацоўнікі цэнтра падзівіліся, што масквіч так дакладна перадаў беларускі арнамент.
Там жа да яго паступіла вельмі сур'ёзная прапанова: паспрабаваць аднавіць па рэштках гліняныя рэчы, якія захоўваюцца ў музеі гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора.
Тэхнікай старадаўняга ганчарства валодаюць нямногія, ці можна сказаць практычна адзінкі. Ды і Уладзімір Іванавіч пакуль не рашыўся на сур'ёзны праект. "Трэба пранікнуцца эпохай, тым часам, многа перачытаць і ўдакладніць. А галоўнае, пакуль не адчуваю голасу душы". А ён практычна ўсё робіць па закліку сэрца.
"Ён нешта ведае, нешта ведае", — падбягаў раз-пораз да выставы Бязрукава пажылы ганчар з Глыбокага, вельмі моцна ўсхваляваны непаўторнай тэхнікай.
Чорную кераміку, канечне, робяць і іншыя майстры, аднак у кожнага яна свая, адметная. І канкурэнцыі, як кажа ўшацкі ганчар, абсалютна ніякай. Малады майстар з Наваполацка, напрыклад, робіць сучасныя рэчы, у яго чыста камерцыйны праект на продаж. Уладзімір Іванавіч, наадварот, не прадае нічога.
Яго калекцыя захоўваецца ва Ушацкім Доме рамёстваў, больш новая — дома, ну і адзінкавыя рэчы падараваны сябрам, такім жа майстрам. Набор да спіртнога, праўда, трапіў у Германію, яго перадаў у якасці падарунка ад дэлегацыі Ушацкага раёна.
Сярод новых керамічных рэчаў ёсць зусім унікальныя. Гэта скрыпка, несапраўднасць якой асэнсавала, толькі ўзяўшы ў рукі — больш цяжкая. А таксама акарына — гліняная свістковая флейта, здольнасці якой гаспадар таксама прадэманстраваў. Хаця ўнікальны тут літаральна кожны прадмет, крэатыўны, як і іх гаспадар.
Цікавая размова адбылася ў яго падчас выставы на Днях горада Мінска. Падышоў мужчына і, разгледзеўшы кераміку, з упэўненасцю сказаў: "Вы заканчвалі майстэрню ганчарства Дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў". А калі даведаўся, што Уладзімір Бязрукаў ганчарству нідзе не вучыўся (па прафесіі ён тэхнік-тапограф), прамовіў — такога проста не можа быць.
Што ж, сваёй творчасцю ён разбівае стэрэатыпы, даказваючы, што сапраўдныя прафесіяналы ёсць і ў катэгорыі аматараў.