МІНСК, 17 сту — Sputnik. Карціна расійскага кінарэжысёра Андрэя Канчалоўскага "Рай" не выйдзе ў беларускі пракат, паведамілі Sputnik дыстрыб'ютары стужкі.
Канчалоўскі атрымаў за карціну "Рай" прыз Венецыянскага кінафестывалю. Акрамя таго, вядомы кінарэжысёр трапіў і ў шорт-ліст намінантаў на "Оскар" за лепшы фільм на замежнай мове.
У расійскі пракат "Рай" выходзіць 19 студзеня.
Аднак у Беларусі адначасова новы фільм Канчалоўскага паказаны не будзе — ні ў дзяржаўных, ні ў прыватных кінатэатрах. Варта адзначыць, што ў пераважнай большасці выпадкаў прэм'еры ў Расіі і Беларусі праходзяць адначасова.
Ці выйдзе "Рай" Канчалоўскага ў пракат пазней, Sputnik у дыстрыб'ютараў стужкі даведацца ў панядзелак не змог. Пакуль яго нельга паглядзець і анлайн. Гістарычная драма "Рай" распавядае гісторыю пра людзей, жыцці якіх перасекліся падчас Другой сусветнай вайны: рускай эмігранткі Вольгі, удзельніцы руху французскага Супраціўлення, француза-калабарацыяніста Жуля і немца Хельмута, высокапастаўленага афіцэра СС.
Дзеянне фільма разгортваецца пераважна ў нямецкім канцлагеры.