МІНСК, 18 сту — Sputnik. РУП "Белпошта" правядзе Дзень ручнога пісьма 20 студзеня, паведамілі ў арганізацыі.
У гэты дзень усім, хто прыйдзе ў аддзяленні паштовай сувязі, якія ўдзельнічаюць у акцыі, падораць паштовыя карткі, якія можна будзе падпісаць і бясплатна адправіць да 14 лютага.
"Белпошта" вырашыла арыгінальным чынам нагадаць усім пра ўнікальнасць ручнога пісьма і почырку кожнага чалавека, падкрэсліць, што нават пры сучасных тэхналогіях рукапіснае пісьмо не губляе сваёй значнасці.
У Мінску акцыя будзе праходзіць на Галоўным паштамце (пр. Незалежнасці, 10) з 14:00 да 15:00 і ў аддзяленні паштовай сувязі № 15 (вул. Я. Маўра, 33а) з 14:00 да 16:00.
23 студзеня ва ўсім свеце адзначаецца Дзень ручнога пісьма.