Як мазыранін стварыў Версальска-Віленскую бібліятэку

© Sputnik / Виктор ТолочкоСховішча старадрукаваных і рэдкіх кніг
Сховішча старадрукаваных і рэдкіх кніг - Sputnik Беларусь
Падпісацца
215 гадоў таму нарадзіўся Іпаліт Клімашэўскі, беларускі пісьменнік, педагог, бібліятэкар.

МІНСК, 19 сту — Sputnik. Іпаліт Клімашэўскі нарадзіўся ў мястэчку Капаткевічы на Мазыршчыне ў 1802 годзе. Вывучаў філасофію ў Віленскім універсітэце. Прымаў удзел у паўстанні 1830-1831 гадоў, а пасля яго разгону ў 1832 годзе эміграваў у Францыю.

У 1841 годзе разам з А. Астроўскім, В. Звіркоўскім і Ф. К. Гадэбскім заснаваў у Версалі таварыства Віленскай бібліятэкі і на грамадскіх пачатках стаў яе першым бібліятэкарам.

Бібліятэка прызначалася для эмігрантаў з Польшчы, Беларусі і Літвы. Атрымала назву Версальска-Віленскай, або Польскай бібліятэкі ў Версалі.

Пачаткам кнігазбору сталі кнігі, падараваныя Астроўскім, Ф. Зельтнерам і іншымі, збор рукапісаў самога Клімашэўскага і іншыя пісьмовыя крыніцы, якія тычыліся паўстання і жыцця эмігрантаў.

На працягу 1841-1843 гадоў Клімашэўскі надрукаваў некалькі інфармацыйных паведамленняў пра бібліятэку. Да 1847 года ў ёй было 4 тысячы тамоў, 2 апрацаваныя каталогі.

У 1847 годзе Клімашэўскі працуе дырэктарам эмігранцкай школы ў прыгарадзе Парыжа Батыньёлі і становіцца апекуном школьнай бібліятэкі, якая налічвала 2 тысячы тамоў.

Намаганнямі Клімашэўскага ў 1849 школьная бібліятэка аб'яднана з Версальска-Віленскай і рэгулярна папаўнялася. У 1865-м яна налічвала 21 383 тамы, 5 тысяч малюнкаў і гравюр, 2 тысячы геафафічных карт і больш за 500 рукапісаў.

У 1874 з-за адсутнасці памяшкання бібліятэку вырашылі перавезці ў Польшчу ў горад Курнік да кнігазбораў Дзялынскіх.

Пасля смерці Клімашэўскага гэты намер ажыццявіў яго пераемнік А. А. Рупрэхт, які ў хуткім часе і сам памёр. У 1880 бібліятэка перайшла да ўласнікаў Курніка Замойскіх, якія ў 1925 стварылі так званы Курніцкі фонд і перадалі яго дзяржаве. У 1953 гэта бібліятэка ўключана ў склад бібліятэк Польскай акадэміі навук, рукапісы з батыньёльскіх збораў захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве.

Стужка навiн
0