Трапятаў сіні аксаміт, які затуляў памятную дошку, трапятаў сіні сцяг ЕС на будынку амбасады Швецыі, трохі трапяталі школьнікі з кветкамі і журналісты, сярод іх і карэспандэнт Sputnik Алена Васільева.
Спосаб памятаць гісторыю
"Шапку надзень, яшчэ паўгадзіны да цырымоніі!" — казалі настаўнікі дзецям, пакуль усе чакалі ўрачыстага адкрыцця дошкі.
Дыпламаты і ветэраны дыпкорпуса, запрошаныя на мерапрыемства, былі дыпламатычна стрыманыя і толькі адпускалі сцяпенные заўвагі пра беларускае надвор'е — it's getting cold.
Міністр замежных спраў Уладзімір Макей выглядаў натхнённа, дзякаваў тым, хто сабраўся, за ўвагу да падзеі і неаднаразова падкрэсліваў гістарычную важнасць цырымоніі.
"Гэта адзін са спосабаў памятаць уласную гісторыю, на якую прэтэндуюць многія краіны. У Беларусі з гэтым звязаны шэраг праблем, так, напрыклад, нельга назваць нармальным той факт, што імя беларуса Ігната Дамейкі звязваюць выключна з Чылі", — распавёў Макей у гутарцы з журналістамі.
Зрэшты, у гутарцы з пасламі Уладзімір Макей з задавальненнем жартаваў.
"Тут спадар пасол прапанаваў павысіць рэнту за будынак, раз ён цяпер культавы", — сказаў Макей, і пакуль пасольства Швецыі, якое размяшчаецца ў былым будынку камісарыята, не занепакоілася, з усмешкай дадаў: "жарт".
Асобныя старонкі і радкі
"Камусьці гэта падзея можа здацца малазначнай. Але ж гісторыя незалежнай дзяржавы і складаецца з такіх асобных старонак і радкоў. Сённяшняя падзея — гэта важная старонка, яна звязана са станаўленнем беларускай дзяржаўнасці. Ужо тады дыпламаты займаліся не толькі знешнепалітычнымі, але і знешнеэканамічнымі пытаннямі", — сказаў Макей падчас цырымоніі адкрыцця мемарыяльнай дошкі, заклікаўшы аддаць даніну памяці тым, хто стаяў ля вытокаў беларускай дыпламатычнай службы.
У гутарцы з карэспандэнтам Sputnik Макей запэўніў, што залатое, самае шматвектарнае і плённае стагоддзе беларускай дыпламатыі, якая зарадзілася калісьці на Рэвалюцыйнай вуліцы, яшчэ наперадзе.
Служба ў дыпкорпусе была сапраўднай марай
Акрамя дыпламатаў на цырымоніі адкрыцця дошкі прысутнічалі ветэраны дыпламатычнай службы. У гутарцы з карэспандэнтам Sputnik Сяргей Хмяльніцкі, які працаваў у МЗС з 1971 года, і Раіса Загароўская, экс загадчыца бібліятэкі МЗС, распавялі пра працу у дыпслужбе ў часы БССР.
"Хоць мы былі МЗСам, шмат у чым дубліравалі працу цэнтральнага апарата, нагрузка была вялікая. Адрозненне нашага супрацоўніка ў тым, што адзін чалавек павінен быў адказваць за цэлы комплекс пытанняў. Калі займаешся сацыяльнай праблематыкай, то павінен ведаць пра яе ўсё, а не спецыялізавацца на двух вузкіх пытаннях, як гэта было ў маскоўскіх калегаў", — падзяліўся ўспамінамі Хмяльніцкі.
"Кажуць, цяпер у МЗС няма той прыцягальнасці — зарплаты не самыя вялікія, непараўнальныя з бізнесам. А вось у наш час служба ў дыпкорпусе была сапраўднай марай. Мы не мелі асобных пасольстваў, але рэспубліка была прадстаўлена ў ААН, ЮНЕСКА, МАГАТЭ", — распавялі суразмоўцы агенцтва.