МІНСК, 21 сту — Sputnik. Прадстаўнікамі Беларусі на "Еўрабачанні-2017", якое пройдзе ў Кіеве, з 9 па 13 мая, будзе гурт Naviband.
Фінал адбору на Еўрабачанне прайшоў увечары ў пятніцу. За права прадставіць рэспубліку на конкурсе змагаліся 13 выканаўцаў і гуртоў, а пераможцу вызначалі з дапамогаю галасавання гледачоў і меркавання прафесійнага журы.
Па выніках глядацкага галасавання першае месца заняў гурт "PROвокация", далей размясціліся спявачкі "Июль" і Napoli. Журы ж паставіла на першае месца Naviband, а гурту "PROвокация" дала нуль балаў. Пасля сумавання ўсіх галасоў на першым месцы апынуліся Naviband, на другім — Nuteki, а на трэцім Анастасія Шавярэнка.
Група Naviband — адзіныя, хто ўдзельнічаў у адборы з песняй на беларускай мове. Упершыню на міжнародным песенным конкурсе прагучыць беларуская мова.
Варта заўважыць, што ў пятніцу ў каманды выйшаў новы альбом.
Падрабязны рэпартаж пра фінал адбору чытайце на Sputnik у суботу.