МІНСК, 21 сту — Sputnik. Белтэлерадыёкампанія напярэдадні фіналу нацыянальнага адборачнага тура на конкурс песні "Еўрабачанне-2017" правяла галасаванне сярод незалежных музычных экспертаў: гурт Naviband з кампазіцыяй "Гісторыя майго жыцця" па выніках набраў 72 балы з 90 магчымых, паведамілі Sputnik у прэс-службе кампаніі.
Фінал адбору на "Еўрабачанне" адбыўся ўвечары 20 студзеня, па выніках галасавання тэлегледачоў і прафесійнага журы Naviband перамаглі, набраўшы 18 балаў, і заваявалі права прадстаўляць Беларусь на конкурсе ў Кіеве. Упершыню на сцэне "Еўрабачання" беларускія канкурсанты будуць выконваць песню на беларускай мове.
Па інфармацыі Белтэлерадыёкампаніі, галасаванне сярод незалежных экспертаў было праведзена, каб спазнаць перавагі еўрапейскай публікі.
"У якасці суддзяў былі абраныя прадстаўнікі тэлекампаній тых краін — удзельніц "Еўрабачання", якія паказалі добрыя вынікі на міжнародным конкурсе ў мінулым годзе, — Польшчы, Грэцыі, Мальты, Украіны, Балгарыі, Аўстраліі, Італіі, Арменіі, Ізраіля", — сказалі ў прэс-службе.
Там таксама паведамілі, што члены міжнароднага журы праслухалі аўдыяверсіі кампазіцый фіналістаў і паглядзелі відэа праслухванняў, пасля чаго выставілі адзнакі ад 1 да 10.
"У выніку ад міжнародных экспертаў гурт Navi атрымаў максімальную колькасць балаў — 72. На другое месца эксперты паставілі Аляксандру Ткач (59 балаў), а замкнула тройку лідэраў спявачка "Июль" з 54 баламі", — сказалі суразмоўцы Sputnik.
Чарговы 62-ы конкурс "Еўрабачанне" пройдзе ў бягучым годзе ў Кіеве з 9 па 13 траўня.