На радыё Sputnik Беларусь дуэт Naviband з перамогай павіншавалі прадстаўнікі беларускай музычнай індустрыі.
Народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч рады таму, што са сцэны міжнароднага конкурсу ўпершыню прагучыць беларускамоўная кампазіцыя.
"Магчыма, яшчэ варта падумаць над самой песняй, над яе аранжыроўкай, над тым, што адбываецца на сцэне. Але песня на беларускай мове на "Еўрабачанні" — гэта падзея", — адзначыў народны артыст.
Кампазітар і аранжыроўшчык Яўген Алейнік упэўнены, што выкананне песні на беларускай мове — гэта адзін з элементаў прыцягнення ўвагі, і гэта павінна спрацаваць на вынік.
"Яны — малайцы, беларуская мова — гэта вельмі добрая фішка. Нашы выканаўцы часцяком грашаць не вельмі добрым англійскім вымаўленнем. У іх гэтай праблемы не будзе", — упэўнены кампазітар.
Яўген Алейнік пракаментаваў і правядзенне нацыянальнага адбору на конкурс у гэтым годзе. Паводле яго слоў, у цэлым, узровень быў моцным, але некаторыя выканаўцы з яго відавочна выбіваліся.
"У некаторых я здрыгануўся ад узроўня выканання. Мы сабраліся з музыкамі, і калі я не ведаў — хто гэта, мне падказвалі, што гэта сябры ці калегі арганізатараў конкурсу. Гэта панібрацтва трэба скончваць. Гэты рух павінен быць круглы год, і заявак павінны быць сотні", — канстатаваў кампазітар.
Вядомы музычны журналіст Алег Клімаў адзначыў, што перамога ў нацыянальным адборы конкурсу "Еўрабачанне" песні на роднай мове стала доўгачаканай падзеяй.
"Гэтай падзеі чакалі і меламаны, чакалі і звычайныя людзі, якія не занадта цікавяцца конкурсам. Упершыню на сцэне "Еўрабачання" прагучыць беларускамоўная песня, і прадставяць яе таленавітыя, цікавыя музыкі, якія годна прадставяць нашу краіну", — упэўнены журналіст.
Каментарыі прадстаўнікоў беларускай музычнай індустрыі пра перамогу дуэта Naviband у фінале нацыянальнага адборачнага тура конкурсу "Еўрабачанне" слухайце на радыё Sputnik Беларусь.