МІНСК, 23 сту — Sputnik. Мужчынская зборная Беларусі па гандболе завяршыла выступленне на Чэмпіянаце свету ў Францыі, пацярпеўшы паражэнне ў 1\8 фіналу ад каманды Швецыі, паведамляе Sputnik.
Паядынак адбыўся ў нядзелю ў Ліль на арэне "П'ер-Маруа". Шведы атрымалі ўпэўненую перамогу з лікам 41:22 (24:11). Самым выніковым гульцом у складзе каманды Юрыя Шаўцова стаў Арцём Каралёк — на яго рахунку сем закінутых мячоў. Другое месца па гэтым паказчыку ў Барыса Пухоўскага (4). Аляксандр Падшывалаў, Максім Баранаў, Андрэй Юрынок, Уладзіслаў Кулеш і Іван Броўка па два разы паразілі вароты суперніка.
У шведаў восем дакладных кідкоў у актыве Джыма Готфрыдсана. У 1/4 шведы будуць змагацца з гаспадарамі турніру французамі. Такім чынам, зборная Беларусі завяршае свой выступ на Чэмпіянаце свету.
Падапечныя Шаўцова атрымалі на планетарным першынстве ўсяго дзве перамогі: абыгралі Сірыю (29:26) і Венгрыю (27:25).
У астатніх сустрэчах былі паражэнні: ад Чылі — 28:32, Харватыі — 25:31, Германіі — 25:31, ад Швецыі — 22:41.
Чвэрцьфіналы пройдуць 24 студзеня, паўфіналы — 26 і 27 студзеня, сустрэча за бронзу — 28 января, вырашальны паядынак за чэмпіёнскі тытул адбудзецца 29 студзеня ў Парыжы.
Для Беларусі гэты ЧС стаў чацвёртым у гісторыі. 22 гады таму, у 1995-м, у Ісландыі пад кіраваннем легендарнага Спартака Мірановіча каманда заняла дзевятае месца. Праз 18 гадоў у Іспаніі беларусы ўжо разам з Шаўцовым сталі 15-мі, а два гады таму ў Катары занялі 18-е месца.