БРЭСТ, 24 сту — Sputnik, Дзмітрый Босак. Міхаіл Лышчык з Кобрына пачаў весці відэаблог пасля таго, як падатковая даслала яму "ліст шчасця", за тыдзень некаторыя з яго відэа набралі больш за 20 тысяч праглядаў на YouTube.
Згодна з дэкрэтам прэзідэнта №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" непрацуючыя больш за паўгода працаздольныя беларусы, якія не сплочваюць падаткі, штогод павінны плаціць у дзяржбюджэт спецыяльны збор, памер якога складае 20 базавых велічынь (цяпер — 460 рублёў).
Прадпрымальны малады чалавек спрабуе вызваліцца ад выплаты гэтага збору і здымае відэа падчас паходаў у дзяржорганы — падатковую, райвыканкам.
Барацьба з законам
Ліст, у якім 23-гадовага Міхаіла апавяшчаюць аб тым, што ў 2015 годзе ён не працаваў і павінен заплаціць за гэта 360 рублёў, прыйшоў у пачатку года. Да гэтага моманту, як прызнаўся суразмоўца Sputnik, аб дэкрэце ён чуў, але не звяртаў на яго ўвагі.
"Я абраў для сябе такую пазіцыю, што плаціць адназначна не буду, бо гэта супярэчыць шматлікім дакументам", — распавёў жахар Кобрына.
У сваёй заяве ў Кобрынскі райвыканкам ён называе дэкрэт "аб дармаедах" новай формай прымусовай працы і супрацьпастаўляе яму артыкулы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Канвенцыю МАП №29 аб прымусовай або абавязковай працы, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах.
На іх падставе малады чалавек просіць выключыць яго з базы дармаедаў і не ўжываць у дачыненні да яго палажэнні дэкрэта №3.
Працаваць хочацца, але…
Да барацьбы Міхаіла падключыўся яго сябар Мікалай. Ён атрымаў даведку аб вядзенні падсобнай гаспадаркі. На гэтай падставе падатак можна не плаціць.
У яго планах прымаць контрмеры да дзеянняў органаў.
"Калі на мяне падатковая падасць у суд, то я буду пісаць сустрэчныя пазовы. Калі будзе пастанова суда ў Кобрыне, з гэтым я магу ўжо звяртацца ў вышэйстаячыя суды. Магчыма, і да адміністрацыі прэзідэнта справа дойдзе, але няхутка", — падзяліўся Міхаіл.
Зараз ён застаецца беспрацоўным, да гэтага хлопец нейкі час стаяў на ўліку ў цэнтры занятасці. Кобрынец распавёў, што знайсці працу яму вельмі складана.
"Я хачу працаваць, я не адмаўляюся. Я б пайшоў працаваць хоць сёння, калі б мне прапанавалі годную працу з годнай зарплатай. Хоць бы тры мільёны каб плацілі. Але пакуль такой працы няма", — патлумачыў малады відэаблогер.
Прыбытак ад дармаедства
Свае відэа Міхаіл здымае для таго, каб распавядаць, як мець зносіны з дзяржорганамі, людзям, якія знаходзяцца ў такой жа сітуацыі, як і ён. Некаторыя яго падпісанты даюць парады ў каментарах, нехта наадварот просіць даслаць рэкамендацыі або ўзоры скаргаў і заяў.
Нечакана для самога мужчыны канал пачаў прыносіць прыбытак.
"Я думаў, менш праглядаў будзе. Сама дзяржава зрабіла для мяне такую пляцоўку, на якой я магу зарабляць нядрэнныя грошыкі на "ютубе", — рэзюмаваў беспрацоўны.
Усё пад кантролем
У ІМПЗ па Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, да якой адносіцца "дармаед"-відэаблогер, пра яго добра вядома.
"Мы ведаем пра гэты выпадак і рэгулярна абмяркоўваем яго на планёрках. Хочам запэўніць, што ўсё, што належыць з боку падатковых органаў, мы робім", — сказаў Sputnik прадстаўнік падатковай інспекцыі.
У той жа час ён заўважыў, што "магчыма, там ёсць поле дзейнасці для іншых органаў", але не ўдакладніў, для якіх менавіта.
Суразмоўца Sputnik таксама паведаміў, што ў ІМПЗ ведаюць пра тое, што відэаблог Лышчыкі прыносіць яму прыбытак. Ён удакладніў, што грамадзянін не з'яўляецца прадпрымальнікам.