МІНСК, 25 сту — Sputnik. Першая кніга Андруся Горвата "Радзіва "Прудок" выйшла з дапамогаю краўдфандынгавай кампаніі і хутка разышлася ў снежні мінулага года.
Дадатковы наклад у 1000 экзэмпляраў не прымусіў сябе чакаць. Тэатральная касса Купалаўскага тэатра стала месцам аўтограф-сэта, дзе хутка сабралася чарга жадаючых набыць кнігу.
"Радзіва "Прудок" ужо паспела не толькі набраць папулярнасць сярод чытачоў, але і выклікаць хвалю крытыкі. Некаторым падаецца, што для беларускай літаратуры прыспеў час вырвацца з традыцыйнай вясковай тэматыкі, а Горват упэўнена вяртае публіку да каранёў.
Сам пісьменнік піша ў сацыяльных сетках, што "Радзіва" — гэта люстэрка. Убачыце тое, чым будзеце ў яго глядзецца".
Горват пакуль ніяк не каментуе журналістам гісторыю сваёй працы над кнігай. Гэта можна лёгка патлумачыць яго ўласным запісам: "Кожны беларус мусіць быць партызанам", — піша Горват на сваёй старонцы ў Facebook.
Андрусь Горват скончыў журфак БДУ, пэўны час працаваў у Мінску журналістам, а таксама дворнікам у Купалаўскім тэатры. Некалькі год таму ён вырашыў вярнуцца на радзіму бацькі ў вёску Прудок, што ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці. За гаспадаркай і прыгодамі Горвата назірае вёска і яго аўдыторыя ў Facebook.