МІНСК, 25 сту — Sputnik. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь 1 лютага распачне новы цыкл лекцый "ХХ стагоддзе. Рэвалюцыі ў думках і мастацтве".
Цікаўнасць да гэтага перыяду ў музеі тлумачаць тым, што "ў гістарычнай перспектыве ХХ стагоддзе апынулася насычаным падзеямі як ніякае іншае. Яно поўніцца грамадскімі сутыкненнямі, рэвалюцыямі, супярэчнасцямі і навацыямі. Для Заходняй Еўропы ХХ стагоддзе стала стагоддзем глабалізацыі, капіталізацыі, камадыфікацыі; для рэспублік Савецкага Саюза — у першую чаргу гісторыяй камуністычных ідэалаў, народжанага імі сацыяльнага эксперыменту і эпахальнага краху".
У фокусе ўвагі Нацыянальнага мастацкага музея традыцыйна апынуцца мастацтвазнаўчая і культуралагічная праблематыкі. Індывідуалізацыя погляду, запазычанне ўсходніх матываў на Захадзе і заходніх — на Усходзе, авангард першай і другой хвалі, нараджэнне масавай культуры, метамарфоза твораў мастацтва ад класічнай карціны да відэаінсталяцыі — і гэта толькі малая частка таго, што мае на ўвазе цыкл лекцый аб ХХ стагоддзі ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.
Лекцыі праходзяць кожную сераду ў 19:00, Малая зала
Кошт квітка на адну лекцыю: 5 руб. (дарослыя), 2,5 (школьнікі, студэнты).
Кошт абанемента: 20 руб. (10 наведванняў), 12 руб. (5 наведванняў).
Кошт абанемента для школьнікаў і студэнтаў: 11 руб. (10 наведванняў), 7 руб. (5 наведванняў).