МІНСК, 26 сту — Sputnik. Дызайнер з Брэста Ганна Радзько намалявала па матывах нашумелай у інтэрнэце гісторыі пра паляванне пугача на ката карцінку, якую інтэрнэт-карыстальнікі ўжо назвалі неафіцыйным гербам горада, — эскіз мастачка размясціла на сваёй старонцы ў Facebook.
Аб неадназначным выпадку палявання пугача на ката ў абласным цэнтры стала вядома ў пачатку студзеня дзякуючы відавочніку, які зняў драпежную птушку з мёртвай хатняй жывёлай у кіпцюрах. Фота разышлося па сацыяльных сетках і, па словах берасцейцаў, стала у горадзе практычна мемам.
На малюнку дызайнера схематычна намаляваны пугач і кот, змешчаныя на геральдычны шчыт. Мастачка прапануе карыстальнікам прыдумаць дэвіз, які будзе размешчаны пад гербам.
Запіс Радзько збірае перапосты і лайкі, а ў Facebook малюнак ужо назвалі неафіцыйным гербам абласнога цэнтра, які ў гэтым годзе будзе адзначаць тысячагоддзе.
Як раней растлумачылі Sputnik у інфармацыйнай службе арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны", пугач ў Брэст трапіў, хутчэй за ўсё, выпадкова і не ўяўляе небяспекі для людзей. У арганізацыі падкрэслілі, што гэтая птушка жыве у глухіх лясах і яе з'яўленне ў Брэсце — незвычайнае здарэнне.