МІНСК, 31 сту — Sputnik. А пачынала загартоўку са звычайнага аблівання. Ці правільней мовіць — з прагнага жадання маці зрабіць усё, каб дзіця было здаровым. А Цімуру, які мае асаблівасці ў развіцці, ён аутыст, на той час таблеткі зусім не дапамагалі.
І Ірына пачала шукаць свае шляхі. Пачытала пра методыку Парфірыя Іванова, пра дзіўныя ўласцівасці вады, купацца ўлетку ў якой, трэба зазначыць, Цімур вельмі любіў, і пачала загартоўваць сына ў ваннай. Спачатку сама абліецца халодннай вадой, а потым і сыну зусім не страшна.
Трэба сказаць, што вада не адразу была халоднай. Паніжала тэмпературу паступова, пакрысе перакрываючы кранік з гарачай вадой. А потым і гэтага стала мала.
Зараз жа яна, выйшаўшы з палонкі на Камсамольскім возеры, зусім не спяшаецца ні апрануцца, ні нават накінуць палаценца. Хвіліны чатыры "загарае" — сцвярджае, што эфект такі ж, калі ўлетку цела ласкаюць прамяні сонейка.
Не хапае ёй ужо адрэналіну і ад хвіліннага акунання. Таму была засмучана, калі на возеры лёдам скавала спецыяльна выразаныя да спаборніцтваў па зімовым плаванні дарожкі.
Не баіцца акунацца і Цімур, які ахвотна пагаджаецца пасля ўрокаў заехаць з маці на Камсамольскае возера.
![Цімур Класкоўскі любіць купацца і зімой і летам Цімур Класкоўскі любіць купацца і зімой і летам - Sputnik Беларусь](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/102723/44/1027234484_0:0:900:1200_600x0_80_0_0_afa1aa3e1a5b71ba7d0d9a827d738558.jpg)
Гэтае блізкае ад школы месца яны выбіраюць зімой, ну а вясной, восенню ці летам шукаюць больш чыстыя і прывабныя вадаёмы. Калі гэта не працяглыя выхадныя, то едуць на блізкія ад Мінска Цнянку ці Мінскае мора. А там ужо паспрабуй выцягнуць Цімура з вады.
Маржаванне — гэта не даніна модзе, а ўсяго толькі адзін з пункцікаў у сістэме здаровага ладу жыцця Ірыны і яе сям'і.
Яшчэ задоўга да маржавання яна пачала бегаць. Па стадыёне побач з домам — ад некалькіх кругоў да пяці-сямі кіламетраў. Гэта штодзённа раніцай і ў любое надвор'е. А паўтара года таму прачула па Мінскі паўмарафон і пачала рыхтавацца. Некалькі месяцаў павялічвала нагрузкі, у выніку адолела 21 кіламетр, а зараз рыхтуецца да 42-кіламетровай дыстанцыі ў Сявіллі.
Гэта яе чарговая асабістая перамога, а ёсць і прызнаная. Другое месца ў сваёй узроставай катэгорыі на паўмарафоне ў Сочы. А ў гэтых забегах удзельнічаюць спартсмены і ўстанаўліваюцца сапраўдныя рэкорды.
![Удзельніцы Сочынскага паўмарафону Ірына Дзяргач з хворай дзяўчынай у калясцы Удзельніцы Сочынскага паўмарафону Ірына Дзяргач з хворай дзяўчынай у калясцы - Sputnik Беларусь](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/102723/42/1027234257_0:0:960:716_600x0_80_0_0_a3261b7ba6e896c33be628003eb705e1.jpg)
Да гэтага можна дадаць, што яна не ўжывае мяса, даўно кінула цыгарэты і зусім не п'е спіртнога. І не таму, што нельга. Можна, толькі не хоча. І сцвярджае, што ніколі ў жыцці яшчэ не была такая шчаслівая, як напрыклад на сёлетні Новы год, калі раніцай першага студзеня яны ў карнавальных касцюмах устроілі забег па сонных вуліцах Мінска.
Ёсць у гэтых сумесных занятках з сынам аспект намнога больш важкі, чым фізічная загартоўка. Яны шмат часу праводзяць разам, ім цікава разам, Ірыне не патрэбны псіхолаг, каб знайсці агульную мову з сынам.
Дарэчы, бегам захапіўся і старэйшы Тарас. І калі маці наведалася перад Новым годам да яго у Стакгольм, ужо ён паказаў ёй не толькі славутасці, але і прывабны дзесяцікіламетровы маршрут па перыметру вострава Седзермальм.
Што засталося дадаць у аповедзе пра гэтую вельмі моцную жанчыну, якой яна сябе зусім не лічыць? Тое, што яны з сынам здаровыя. Не карыстаюцца таблеткамі, не наведваюць паліклінік — НЕ ХВАРЭЮЦЬ.
А са снежня Ірына пачала кіраваць інклюзіўным спартыўным клубам — адным з праетаў установы "Каманда "Крылы анёлаў". З дапамогай фізкультуры, трэніровак, бегу дапамае справіцца з праблемамі семьям, якія маюць дзяцей-інвалідаў. А самае страшнае для іх нават не фізічны нядуг, а замкнёнасць у сваіх праблемах, адсутнасць святла ў канцы тунеля. Так вось — яно ёсць.
Па аўторках і чацвяргах "анёлаўцы" прыходзяць на манеж і займаюцца. На другім марафоне ў Мінску ўдзельнічала ўжо восем дарослых з дзецьмі-інвалідамі ў калясках. Яны рыхтуюцца да марафона ў Барселоне. Яны сустракаюцца на Камсамольскім возеры і ўсё больш прыхільнікаў з'яўляецца "паспрабаваць" ледзяную вадзіцу.
Каманда "Крылы анёлаў" сёлета прысутнічала на міжнародных спаборніцтвах па зімовым плаванні. Пакуль што ў ліку балельшчыкаў. Аднак гэта толькі пакуль. У ледзяной вадзе на Камсамольскім возеры плаваюць не адзінкавыя прадстаўнікі "Крылоў анёлаў" з мужчын. Абявязкова з'явяцца паслядоўніцы і ў Ірыны.