МІНСК, 2 лют — Sputnik. Ахова птушак Бацькаўшчыны абвяшчае набор на адукацыйны курс для бёрдвочэра-пачаткоўца "Ад Бусла да Ястраба".
"Разам з дасведчаным арнітолагам і займальным лектарам вы не толькі падрабязна вывучыце і пачнеце адрозніваць віды птушак, якія сустракаюцца найбольш часта ў Беларусі, але і зноўку адкрыеце для сябе прыгажосць дзікай прыроды", — адзначыла дырэктар Водна-балотнага цэнтра АПБ Кацярына Еўсюкова.
Як патлумачылі арганізатары, курс бёрдвочэра-пачаткоўца разлічаны на слухача, які зацікаўлены ў вывучэнні птушак і дзікай прыроды, але пакуль не валодае досведам у гэтай справе.
АПБ запрашае матываваных жыхароў Мінска любога ўзросту, прафесіі, адукацыі і ўзроўню ведаў. Навучанне ўключае 8 заняткаў у класе (тэорыя) і 2 экскурсіі (практыка).
Першыя заняткі адбудуцца 15 лютага. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па адрасе sashko@ptushki.org ці па тэлефоне +375 33 3532435.