МІНСК, 2 лют — Sputnik. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт займае чацвёртае месца ў рэйтынгу вышэйшых навучальных устаноў постсавецкай прасторы, такія дадзеныя апублікаваныя Webometrics Ranking of World Universities.
Студзеньскі рэйтынг універсітэтаў, як і раней, узначаліў Гарвард, на другім месцы — Стэнфардскі ўніверсітэт, на трэцім — Масачусецкі тэхналагічны. БДУ у агульнасусветным рэйтынгу займае 637 радок — адзіная беларуская ВНУ, якая значыцца ў першай тысячы.
Сярод краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Белдзяржуніверсітэт займае больш высокі радок — 19 месца, а між постсавецкіх краін БДУ размясціўся на чацвёртым месцы.
У краінах СНД лепш за БДУ прызнаныя толькі МДУ імя Ламаносава, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт і Новасібірскі дзяржаўны ўніверсітэт.
Webometrics Ranking of World Universities — рэйтынг сусветных універсітэтаў, які заснаваны на аб'ёме дакументаў ад універсітэта ў інтэрнэце і індэксе цытуемасці даследаванняў з ВНУ.