МІНСК, 2 лют — Sputnik. Пяцёра самак зубра, якія жылі на паляўнічых угоддзях СВК "Азёры" Гродзенскага раёна, адправілі на тэрыторыю Нацыянальнага парка "Смаленскае Паазер'е", дзе плануюць адрадзіць вольную папуляцыю зуброў.
Старшыня СВК "Азёры" Аляксандр Шышко паведаміў, што расійскі нацыянальны парк набывае пробную партыю жывёл. Калі яны асвояцца на новым месцы, то магчымы далейшы продаж беларускіх зуброў расіянам.
Цікавасць да беларускага зубра праяўляюць і ў Азербайджане, чым гаспадарка таксама задаволена, паколькі колькасць зуброў у папуляцыі паляўнічай гаспадаркі СВК "Азёры" ужо даўно перавысіла аптымальную. На сёння тут пражывае каля 250 гэтых жывёл.
Перасяляць зуброў плануюць не толькі за межы рэгіёну. У Гродзенскай вобласці ў 2017 годзе будзе закладвацца фарміраванне новай мікрапапуляцыі зубра еўрапейскага. Яна будзе створана на тэрыторыі Дзятлаўскага лясгаса.