МІНСК, 3 лют — Sputnik. Нацыянальны мастацкі музеі Рэспублікі Беларусь 8 лютага адкрывае выставу "Век Антона Бархаткова".
Паводле словаў арганізатараў, экспазіцыя выставы будзе прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння Антона Стэфанавіча Бархаткова (1917-2001), заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі.
Выдатны беларускі мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Антон Бархаткоў на працягу ўсяго свайго доўгага творчага шляху звяртаўся да розных жанраў жывапісу: тэматычнай карціны, партрэта, нацюрморта, але больш за ўсё праславіўся як майстар пейзажа. Большасць яго твораў напоўнена лірыка-паэтычным настроем.
"Лірычныя пейзажы Антона Бархаткова прыцягваюць увагу праўдзівасцю, непасрэднасцю бачання, натуральнасцю кампазіцыі. Ён умеў паказаць прыроду ў розныя поры года. Разнастайныя па настроі зімовыя пейзажы, паэтычна сумныя, ціхія, з хмарным небам, блакітнавата-шэрым каларытам, напоўнены таямнічасцю або больш інтэнсіўнымі фарбавымі спалучэннямі", — распавялі спецыялісты.
Творы Антона Бархаткова знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, шэрагу іншых музеяў і прыватных збораў нашай краіны і замежжа, у тым ліку Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве.