МІНСК, 4 лют — Sputnik. Беларускія тэнісісты Максім Мірны і Яраслаў Шыла вывелі Беларусь наперад у матчы першага раўнда Еўра-Афрыканскай зоны I Кубка Дэвіса супраць Румыніі, паведамляе Sputnik.
Праграма спаборніцтваў матча першага раунда Еўра-Афрыканскай зоны I Кубка Дэвіса паміж зборнымі Беларусі і Румыніі працягнулася ў суботу, 4 лютага, у сталічным Палацы тэніса парным паядынкам.
Перад стартам паядынку капітан беларускай зборнай Уладзімір Ваўчкоў здзейсніў замену: замест Ягора Герасімава на корт выйшаў Яраслаў Шыла. Сваім правам правесці замену скарыстаўся і капітан гасцей Андрэй Павел. Так, у пары з Хорыя Тэкаo граў Марыс Копіл, а не Мікалай Фрунза.
Мірны і Шыла атрымалі перамогу з лікам 7:6, 6:4, 6:7, 6:4. Тэнісісты правялі на корце больш за тры гадзіны. За паядынкам назіралі больш за 1200 заўзятараў, сярод іх — міністр спорту Беларусі Аляксандр Шамко, старшыня Беларускай тэніснай федэрацыі Аляксандр Шакуцін, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі, а таксама хакеіст Аляксей Калюжны.
Пасля сённяшняй перамогі Беларусь выйшла наперад у матчы Кубка Дэвіса — 2:1.
Заўтра, 5 лютага, адбудуцца два паядынкі ў адзіночным разрадзе: Ілля Івашка — Марыюс Копіл, Ягор Герасімаў — Андрыян Унгур. Аднак капітаны таксама могуць правесці замены.
Нагадаем, для Мірнага цяперашні паядынак стаў 49-м у розыгрышах Кубка Дэвіса. Упершыню лепшы беларускі тэнісіст згуляў за зборную Беларусі ў 1994 годзе. З тых часоў ён атрымаў 58 перамог (24 — у адзіночным разрадзе і 34 — у парным)
Раней у розыгрышы Кубка Дэвіса беларускія і румынскія тэнісісты сустракаліся толькі аднойчы — у 2005 годзе беларусы саступілі ў гасцях з лікам 2:3.
Цяпер зборная Беларусі займае 38-е месца ў камандным рэйтынгу Кубка Дэвіса, румыны знаходзяцца на 31-й пазіцыі. Тэнісісты Беларусі згуляюць у наступным раўндзе барацьбы за выхад у сусветную групу ў верасні з камандай Аўстрыі.