МІНСК, 8 сту — Sputnik. "Арт-Сядзіба" абвяшчае тэатральны кастынг на новы спектакль "Францішак. Сцэны з жыцця ды сноў".
Спектакль будзе прысвечаны Францішку Аляхновічу — беларускаму тэатральнаму дзеячу, драматургу, а таксама аднаму са стваральнікаў прафесійнага беларускага тэатра.
Гэта будзе ўжо другі спектакль, які ставіць "Арт-Сядзіба". Першы — "Браніслаў. Сцэны з жыцця ды сноў" — выйшаў напрыканцы 2015 года і прайшоў у Мінску, Пружанах, Гомелі і Вільнюсе.
Чарговая пастаноўка працягвае распавядаць пра выбітных беларускіх дзеячоў пачатку ХХ стагоддзя, якіх не вельмі добра ведаюць беларусы.
Кастынг будзе праводзіцца 13,18, 19, 20 і 26 лютага ў памяшканні "Арт-Сядзібы" (пр. Незалежнасці, д. 58, оф. 430).
Да ўдзелу ў ім запрашаюцца прафесійныя і непрафесійныя акцёры, а таксама людзі, якія хочуць паспрабаваць сябе на вялікай сцэне.