МІНСК, 8 лют — Sputnik. У гродзенскай абласной бібліятэцы, якая святкуе 185-годдзе з дня заснавання, рыхтуецца выстава "Гродна. Позірк у мінулае". На выставе будуць прадстаўлены рэдкія дакументы і факты, прысвечаныя гораду Гродна і яго жыхарам пачынаючы з канца ХІХ стагоддзя, і раскрыты малавядомыя старонкі гісторыі горада.
Гэта толькі адно мерапрыемства ў межах праекта "Дакрануцца да гісторыі". Перад гэтым адбылася прэзентацыя выставы "Кнігі, якія чыталі нашы продкі".
Наведвальнікі бібліятэкі могуць убычыць рарытэтныя выданні, у тым ліку і прыжыццёвыя, Элізы Ажэшкі і Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Марыі Радзевіч, Антонія Адзінца, Ігнація Ходзькі, Тэадора Нарбута, Юзафа Крашэўскага, Людвіка Кандратовіча, вядомага як Уладзіслаў Сыракомля. А самая старая з кніг, якая прадстаўлена на выставе, выйшла ў свет у 1706 годзе.
Тут і кнігі Генрыха Сянкевіча, напісаныя на матэрыялах, сабраных у Прынямонні. Аказваецца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі, вядомы пісьменнік гістарычных раманаў, любіў адпачываць у сяброў у маёнтку Дубнікі на Астравеччыне.